Падарожнічаем з прафсаюзам

Грамадства Свежыя навіны

Калектыў работнікаў Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы пабываў на экскурсіі ў Мірскім замку і Нясвіжскім палацава-замкавым комплексе.

Мірскі замак – помнік архітэктуры, занесены ў спіс Сусветнай спадчыны, адразу ўразіў сваёй велічнасцю і ўрачыстай прыгажосцю абарончага збудавання. Пры наведванні залаў замка ўсім экскурсантам давялося пабачыць прадметы побыту, інтэр’еру, зброі з часоў існавання нашых славутых продкаў. Асаблівае ўражанне засталося і ад пад’ёму па крутых тагачасных прыступках адной з вежаў замка, а таксама наведванне царквы-пахавальні князя Святаполка Мірскага.

У аглядавую экскурсію па Нясвіжскім палацава-замкавым комплексе ўвайшлі наведванне Рыначнай плошчы, будынка ратушы і старадаўніх гандлёвых радоў, парку князёў Радзівілаў, Слуцкай брамы, падрабязны агляд інтэр’ераў памяшканняў. Здзіўляльнай прыгажосці столі, драўляныя паркеты на падлозе, шыкоўныя інтэр’еры памяшканняў, тагачасныя прадметы побыту, мэбля, арсенал далі магчымасць паглыбіць свае веды і ўяўленне аб жыцці іх гаспадароў. Па залах палаца прыемна прагуляцца, паслухаць легенды і падрабязнасці з прыватнага жыцця князёў, дакрануцца да гісторыі. Асабліва ўразіла містычная легенда пра Чорную Панну Нясвіжа.

Мірскі замак і Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс – сапраўдныя жамчужыны Беларусі.

Спазнавайце свой край, таму што побач шмат дзіўнага і цікавага!

Вольга БАНДАРЭНКА,
старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga