Пераможцы гульні “Арляня” – гезгалаўскія школьнікі

Свежыя навіны Спорт і турызм

На базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава адбыўся раённы этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня”, прымеркаванай да Дня Перамогі і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На агульным пастраенні дзевяць каманд-удзельніц з сярэдніх школ № 1, № 3, гімназіі № 1 горада Дзятлава, а таксама Новаяльнянскай, Казлоўшчынскай, Круцілавіцкай, Хвінявіцкай,  Дварэцкай, Гезгалаўскай сярэдніх школ павіталі арганізатары і члены журы.

– Нашы продкі падарылі нам мірную прыгожую краіну, – адкрыў сустрэчу намеснік ваеннага камісара – начальнік мабілізацыйнай групы ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун.

– У памяць аб іх мы павінны сёння паказаць дастойныя вынікі і дасягненні. Поспехаў вам на стартах і з Днём Перамогі!

Зладжанай каманднай работы “арлянятам” пажадала метадыст раённага метадычнага кабінета Наталля Пазняк і запрасіла камандзіраў на жараб’ёўку.

 

Старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк нагадала, што 8 мая – гэта яшчэ і Міжнародны дзень Чырвонага Крыжа, а сярод іспытаў будзе аказанне першай медыцынскай дапамогі. Галіна Эдвардаўна пажадала прайсці яго годна.

 

 

Як толькі стартавалі спаборніцтвы, стала зразумела, што няпростым сярод іх з’яўляецца агляд строю і песні “Кожны з нас у страі!”, дзе юныя патрыёты дэманстравалі веданне страявых прыёмаў і каманд. Лепш за ўсіх маршыравалі навучэнцы з Казлоўшчыны.

У конкурсе “Трапны стралок” не аказалася роўных стралкам з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, яны найлепш траплялі па мішэні з пнеўматычнай вінтоўкі.

Творчыя здольнасці юнакоў і дзяўчат ацанілі ў конкурсе “Баявы лісток”. Да насценных газет прад’яўляліся строгія патрабаванні, аднак іх паспяхова вытрымалі гезгалаўскія школьнікі. Яны ж сталі лепшымі ў інтэлектуальным квіз-турніры “Помнім аб мінулым, ганарымся сучаснасцю, думаем аб будучыні!”, які прайшоў у выглядзе тэста па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Таксама перамаглі ў конкурсе “Мужнасць! Адвага! Гонар!” на выяўленне ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі каманды. Тут юнакі спаборнічалі ў падцягванні на перакладзіне, а дзяўчаты – у падыманні тулава са становішча, лежачы на спіне.

Самым відовішчным этапам стала ваенізаваная гульня на мясцовасці “Час каманды”. Яна складалася з некалькіх частак: зборкі-разборкі аўтамата Калашнікава, зарадкі магазіна, кідання вучэбнай гранаты, санітарных іспытаў, бегу з перашкодамі. Лепш за ўсіх з заданнямі справіліся вучні Хвінявіцкай сярэдняй школы.

На ўрачыстай цырымоніі закрыцця былі ўзнагароджаны лепшыя.

Права прадстаўляць раён на абласным этапе рэспубліканскай гульні “Арляня” заваявала каманда Гезгалаўскай сярэдняй школы, на другім месцы – казлоўшчынскія школьнікі, на трэцім – каманды сярэдняй школы № 3 і Круцілавіцкай.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: