Алея міру, сям’і і дабра з’явілася ў Гезгалах

Важнае Грамадства

З нагоды Дня Перамогі і Дня сям’і яе высадзілі мясцовыя жыхары, навучэнцы Гезгалаўскай сярэдняй школы, да якіх далучыліся старшыні Жукоўшчынскага сельвыканкама Іван Свіб і раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік.

Дзякуючы грамадзянскай ініцыятыве былі набыты 60 саджанцаў туй, якія ўпрыгожылі бетанаваную дарожку паміж дамамі нумар 8 і 9. Пасадка ажыццяўлялася пры ўдзеле і пад кантролем гезгалаўскіх камунальнікаў. Згодна з задумкай аграгарадкоўцаў гэта тэрыторыя “перарасце” ў зону сямейнага адпачынку: пры падтрымцы спонсараў тут з’явяцца лавачкі і гульнявая пляцоўка.

З ініцыятывай выступілі жанчыны – жонкі ветэранаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, якія жывуць у аграгарадку. Іх ідэю актыўна падтрымалі ўсе гезгалаўцы.

– Разам з землякамі вырашылі зрабіць дабро для аграгарадка і пакінуць пра сябе добрую памяць нашчадкам. Невыпадкова наша алея называецца “Алея міру, сям’і і дабра”. Хочацца, каб добрых людзей у нашым свеце станавілася больш. Калі мы самі будзем дарыць людзям дабро, як зрабілі сёння, будзе мацнець мір, сям’я, будзе шчасце на Зямлі. Прыемна, што ні да аднаго чалавека не давялося ісці збіраць грошы на саджанцы, усе далучаліся да ініцыятывы самі, ахвотна падтрымлівалі, – расказала адна з ініцыятараў праекта Людміла Волкава.

У гэты майскі дзень пасадзіць алею многія прыходзілі з роднымі, яны падзяліліся сваім меркаваннем і эмоцыямі.

Аляксандра Барабан:

– Сімвалічна, што напярэдадні 9 Мая ўдзельнічаю ў пасадцы алеі разам са сваім дзядулем Пятром Іванавічам Барабанам, які 30 гадоў служыў у ракетных войсках і выйшаў у адстаўку ў званні старшага прапаршчыка.  Дзень Перамогі – асаблівае свята ў нашай сям’і, рада, што сёлета сустракаем яго такой добрай справай, вельмі значна, бо робім гэта разам з родным чалавекам. Няхай дрэўца, якое мы пасадзілі, стане сімвалам сувязі старэйшага мудрага пакалення і нашага, маладога. Разам з аграгарадкоўцамі будзем часта сюды прыходзіць, даглядаць “падапечныя” дрэўцы, каб праз некалькі гадоў тут вырасла сапраўды прыгожая сямейная алея.

Анастасія Кастусік:

– Не змаглі прайсці міма добрай ініцыятывы, сёння садзім дрэўцы разам з дачкой Палінай і пляменніцай Ульянай. Мой тата быў ваенным, я сама, мае дзеці і пляменнікі нарадзіліся ў Гезгалах, мы вельмі любім сваю малую радзіму і радуемся, калі яна квітнее і прыгажэе. Прыемна таксама прымаць удзел у пераўвасабленні аграгарадка, закласці новыя саджанцы і бачыць, як яны падрастаюць. Мы запомнілі, якія дрэўцы “нашы”, будзем да іх прыходзіць, назіраць і проста гуляць уздоўж Алеі міру, сям’і і дабра. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць землякоў з адным з самых важных святаў – Днём Перамогі.

Галіна Гаўрош:

– У нас вялікая сям’я, чацвёра дзяцей. Старэйшыя ўжо дарослыя, жывуць самастойна, а з самым малошым, другакласнікам Міраславам, сёння садзім туі разам з землякамі. Стараемся ўсё зрабіць, як паказалі спецыялісты, каб дрэўца адужэла, было прыгожым і радавала не толькі нас, а ўвесь наш гарадок. Цудоўна, што алея размясцілася акурат пад нашымі вокнамі, будзем назіраць, як растуць дрэўцы. Сімвалічна, што алея прысвечана Дню Перамогі і святу сям’і. Гэтыя даты надзвычай важныя для ўсіх жыхароў аграгарадка Гезгалы. Мой дзед быў ветэранам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны. Я напісала пра яго верш, які буду заўтра чытаць на раённых мерапрыемствах. Старэйшы сын таксама ваенны, служыць у Гродне. Жадаю ўсім міру на Зямлі, шчасця ў сем’ях.

 

 

 

 

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ



Теги: