На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца месячнік па навядзенні парадку на зямлі, да якога далучыліся райцэнтр і ўсе сельскія саветы раёна.
Як заўжды, актыўна працуюць жыхары казлоўшчынскай зямлі.
На тэрыторыі сельсавета нямала помнікаў і месцаў пахаванняў мірных жыхароў і салдатаў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Як адзначыў старшыня мясцовага сельвыканкама Вадзім Бялятка, Год гістарычнай памяці не стаў дадатковым каталізатарам для клопату аб гэтых аб’ектах: землякі ўвесь год падтрымліваюць парадак на брацкіх магілах і манументах.
Цяпер пасялкоўцы разам узяліся за расчыстку цэнтральнага парку ў Казлоўшчыне, што знаходзіцца побач з Домам культуры. Тут размяшчаецца помнік воінам-вызваліцелям.
– На дадзеным аб’екце працуюць некалькі службаў і нераўнадушныя грамадзяне: работнікі лясной гаспадаркі спілавалі аварыйныя дрэвы, цяпер іх утылізуе мясцовая камунальная служба з дапамогай спецтэхнікі і інструментаў, – расказвае Вадзім Аляксандравіч. – Больш дробныя галінкі прыбяруць настаўнікі разам з вучнямі Казлоўшчынскай сярэдняй школы і работнікі арганізацый пасёлка.
Як адзначае Вадзім Бялятка, грунтоўная работа па рэканструкцыі помніка ахвярам генацыду ў Гарадках і Трахімавічах будзе прадоўжана.
– Карыстаючыся выпадкам, запрашаю ў пятніцу, 15 красавіка, усіх нераўнадушных да сваёй малой радзімы жыхароў выйсці талакой на навядзенне парадку ў пасёлку разам з мясцовай уладай і работнікамі арганізацый, – звярнуўся да землякоў старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga