Гарачыя тэмы, бяспека, сацыяльная падтрымка

Важнае Грамадства

Сельскі сход па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці, папярэджання надзвычайных сітуацый і гібелі людзей на іх прайшоў на базе Казлоўшчынскага сельскага савета.

Ён быў сумешчаны з сесіяй мясцовага Савета дэпутатаў і членаў выканкама і аглядам сітуацыі, якая складваецца ва Украіне.

Пасяджэнне адбылося ў будынку сельвыканкама з удзелам старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, старшыні сельвыканкама Вадзіма Бяляткі, спецыялістаў службаў прафілактыкі, мясцовых дэпутатаў, работнікаў арганізацый, насельніцтва.

Гарачыя ў прамым сэнсе гэтага слова тэмы – папярэджання пажараў і палаў сухой расліннасці – закрануў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык. Акцэнтаваў увагу на тым, што з пачатку 2022 года на Гродзеншчыне адбылося 233 пажары, на якіх загінула 26 чалавек, прычым 7 вогненных здарэнняў і гібель 2 чалавек зарэгістраваны на Дзятлаўшчыне. Самая распаўсюджаная прычына – “п’яная цыгарэта”, таму ратаўнік нагадаў аб недапушчэнні курэння ў памяшканнях і грамадскіх месцах, узгадаў іншыя правілы бяспекі, параіў устанаўліваць дома аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Таксама на тэрыторыі нашага раёна адбылося некалькі дзясяткаў узгаранняў сухой расліннасці, пры тым, што яе выпальванне строга забаронена, а штраф складае ад 10 да 30 базавых велічыняў. Паліць жа смецце дазваляецца, але ў бязветранае надвор’е, пры захаванні мераў бяспекі. Для большай нагляднасці Сяргей Сяргеевіч узгадаў нядаўні пажар з-за разведзенага дачнікамі вогнішча ў вёсцы Руда Ліпічанская суседняга Мастоўскага раёна, дзе агнём знішчана 22 пабудовы, паказаў аператыўнае відэа гэтага здарэння. Напрыканцы параіў устанаўліваць на тэлефоны мабільны дадатак МНС “Дапамога побач”.

Начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар вёў гаворку аб правілах карыстання газавымі прыборамі ў побыце, расказаў пра іх абслугоўванне, тэрмін службы, падкрэсліў, што мяняць газавыя пліты, катлы, калонкі, нават балоны самастойна строга забараняецца. “Вылічыць” умяшальніцтва спецыялісты-газавікі могуць па нумарным знаку, штраф складае да 30 базавых велічыняў. Нагадаў, што з 21 лютага 2022 года ў сілу ўступіла новая рэдакцыя правілаў карыстання газам у побыце. Сярод новаўвядзенняў тое, што цяпер выкананнем работ па праверцы дымавых і вентыляцыйных каналаў у жылых дамах займаецца спецыялізаваная арганізацыя; гаспадары павінны ўстанавіць аўтаномныя апавяшчальнікі выяўлення чаднага газу ў памяшканнях з газавымі катламі, канвектарамі, калонкамі; для домаўладанняў з ацяпляльнымі газавымі катламі ўведзены адзіны на працягу года тарыф на аплату спажытага газу.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Алена Чайкоўская нагадала аб адказнасці бацькоў за іх непаўналетніх дзяцей, назвала найбольш частыя парушэнні ў гэтай сферы – невыкарыстанне флікераў у цёмны час сутак, познія прагулкі (з 23 да 6 гадзін) без суправаджэння дарослага, курэнне і ўжыванне алкаголю ў грамадскіх месцах. Расказала, у якіх выпадках з дзецьмі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, падкрэсліла, што пазбегнуць падобных праблем дапамагае прафілактыка, галоўны з метадаў якой – уласны станоўчы прыклад.

Як у раёне наладжана абарона сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян, да якіх адносяцца адзінокія пажылыя людзі і тыя, хто жыве адзінока, якіх нямала ў сельскай мясцовасці, патлумачыла дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. Яна заклікала тых, у каго ёсць пыжылыя бацькі, часцей іх наведваць, клапаціцца, дапамагаць у вырашэнні праблем.

Выступленні спецыялістаў падрахункаваў Вадзім Бялятка, асабліва завастрыў увагу на пытаннях пажарнай бяспекі, актуальных у ветранае сухое надвор’е, якое цяпер трымаецца. Летась на тэрыторыі Казлоўшчынскага сельсавета пажараў не было, старшыня сельвыканкама заклікаў жыхароў і сёлета быць асцярожнымі з агнём.

Аляксандр Бараноўскі падзякаваў прысутным за ўдзел у шырокамаштабным сельскім сходзе, закрануў яшчэ адну тэму, ужо палітычную – падзеі ва Украіне. Ён прывёў словы Прэзідэнта аб тым, што беларускія салдаты не будуць задзейнічаны на тэрыторыі краіны-суседкі, зазначыў, што абстаноўка там паступова супакойваецца, актыўна ідуць перамовы, хочацца спадзявацца на мірнае іх вырашэнне. Аляксандр Станіслававіч пажадаў міру і дабрабыту ўдзельнікам сустрэчы, іх родным і блізкім.

Па завяршэнні сходу работу пачала сесія Казлоўшчынскага Савета дэпутатаў і членаў выканкама. Былі разгледжаны праект рашэння па пажарнай бяспецы, справаздача Казлоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта аб рабоце ў 2021 годзе, пытанні аб змяненні рашэння Казлоўшчынскага Савета дэпутатаў і аб выкананні бюджэту ў 2021 годзе.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: