Бадзёрасці, здароўя і доўгіх гадоў жыцця! (+відэа)

Галоўнае Улада

З такімі пажаданнямі да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Фёдара Шалеснага завіталі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель і начальнік Дзятлаўскага ўчастка паштовай сувязі РУП “Белпошта” Наталля Цітова.

На Дзятлаўшчыне завяршаюцца мерапрыемствы па выплаце матэрыяльнай дапамогі згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2021 года № 281 “Аб выплаце штогадовай матэрыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян да Дня Перамогі”. Сёлета адрасную грашовую падтрымку атрымалі васямнаццаць жыхароў раёна.

Са шчырымі словамі ўдзячнасці за Вялікую Перамогу да Фёдара Васільевіча звярнуўся кіраўнік раёна:

– Мы ўдзячны вам за ваш ратны подзвіг, за шчырую працу на карысць сваёй Радзімы. Сваім жыццём, актыўнай пазіцыяй, выхаваннем дзяцей і ўнукаў вы паказваеце прыклад сучасным і будучым пакаленням. Вашы родныя і ўся Дзятлаўшчына ганарацца вамі. Жадаем вам, Фёдар Васільевіч, моцнага здароўя і даўгалецця.

Наталля Цітова далучылася да слоў віншавання і ўручыла ветэрану выплату, пажадала ў такім жа бадзёрым настроі адзначыць Дзень Перамогі.

Алена Васкель выказала шмат добрых слоў на адрас ветэрана і яго дачкі Тамары Кулік, якая даглядае бацьку, пажадала мужчыну пераадолець стагадовы “рубеж”, які ўжо не за гарамі, а сёлетняе свята сустрэць разам з роднымі людзьмі.

Дзякуючы землякам, у Год гістарычнай памяці біяграфія Фёдара Шалеснага стала набыткам усёй Беларусі: відэаролік з аповедам пра жыццё ветэрана Вялікай Айчыннай вайны размешчаны на партале Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, а таксама на сайце, у сацыяльных сетках і тэлеграм-канале газеты “Перамога”. Андрэй Садоўскі прапанаваў Фёдару Васільевічу разам паглядзець ролік на тэлефоне, атрымаўшы ў адказ станоўчую рэакцыю і шчырую зацікаўленасць.

Матэрыял для фільма збіралі з розных крыніц. Дапамаглі і родныя ветэрана, якія з вялікай пашанай адносяцца да ваеннага мінулага свайго продка. Пра гэта сведчаць тэматычныя куткі ў яго доме і тое, што Дзень Перамогі для сям’і Шалесных – самае вялікае свята ў годзе. Біяграфія Фёдара Васільевіча перадаецца ад пакалення да пакалення. Ён абараняў Айчыну ў саставе 163-га стралковага палка, быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне” і “Георгій Жукаў 1896-1996 гг.”, шматлікімі юбілейнымі медалямі.

Наталля АВЯРЧУК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: