Старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў сустрэўся з працоўным калектывам Дзятлаўскага ўчастка паштовай сувязі, каб абмеркаваць сітуацыю ва Украіне і пазіцыю Беларусі ва ўкраінска-расійскім канфлікце.
Аляксандр Станіслававіч засяродзіў увагу землякоў на інфармацыйным націску, санкцыйнай палітыцы Захаду ў адносінах да нашай краіны і шляхах выйсця з сітуацыі. Ён нагадаў, што сёння супраць нас разгарнулі самую сапраўдную інфармацыйную вайну, робячы акцэнт на распаўсюджванне недакладнай інфармацыі, адкрытых фэйкаў. У прыватнасці, робяцца адчайныя спробы ўцягнуць у канфлікт Беларусь. Выдаецца за праўду інфармацыя аб тым, што беларускія вайскоўцы ўвайшлі ва Украіну і забіваюць мірных жыхароў. Нават амерыканцы прызналі, што не бачаць, каб Узброеныя Сілы Беларусі прымалі ўдзел у гэтай аперацыі. Больш таго, не бачаць, каб беларуская армія рыхтавалася да ўдзелу ў гэтай аперацыі.
Гаворачы пра санкцыі, уведзеныя ў адносінах да Беларусі, старшыня Савета дэпутатаў прывёў словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі:
– Нават ва ўмовах беспрэцэдэнтных санкцый сацыяльная палітыка нашай дзяржавы застаецца нязменнай. Не паступаючыся сваімі прынцыпамі, мы прадаўжаем ісці ўласным шляхам, ствараць, гадаваць дзяцей і думаць пра будучыню, якая павінна быць для ўсіх мірнай, бяспечнай, шчаслівай. Аб гэтым яскрава гавораць і вынікі рэферэндуму па змяненнях у Канстытуцыю, у ходзе якога папраўкі ў Асноўны Закон падтрымалі 65,16 % выбаршчыкаў.
Наталля АВЯРЧУК