Судовая экспертыза дапамагае людзям

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Начальнік сектара судова-медыцынскіх экспертызаў Слонімскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў Валянцін Скрыпко расказаў пра спецыфіку работы экспертаў аддзела і паслугі, па якія да іх могуць звяртацца жыхары Дзятлаўшчыны.

– На пачатковым этапе работы ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў звярталіся з самымі рознымі пытаннямі, якія раней былі ў кампетэнцыі мясцовых уладаў, – зазначае Валянцін Міхайлавіч. – Потым у людзей стала больш інфармацыі, таму звяртаюцца, калі ёсць неабходнасць правесці экспертныя даследаванні. Аднак не ўсе ведаюць, дзе іх можна правесці, якія віды судовых экспертызаў існуюць, якія пытанні паставіць перад судовымi экспертамі. Задзейнічана адміністрацыйная, крымінальная, грамадзянская судавытворчасць, калі чалавек хоча  даказаць сваю правільнасць ці невінаватасць або даведацца, што магло здарыцца.

Увогуле, Камітэт судовых экспертызаў працуе для патрэбаў найперш праваахоўных органаў, суда і ў пэўнай меры грамадзян. Нават для фізічных асобаў праводзім даволі шырокі спектр экспертных даследаванняў, тыя ж судова-медыцынскія экспертызы па ступені цяжкасці нанясення цялесных пашкоджанняў. Гэта не абавязкова нешта агульнакрымінальнае. Чалавек атрымаў траўму на вытворчасці, і яму кажуць: “Правялі спецправерку – дробязь нейкая”. А чалавек доўга лячыўся, і ён прыходзіць да нас сам, каб атрымаць заключэнне, даказаць сваю праўду і патрабаваць з наймальніка пэўную кампенсацыю. У час  правядзення экспертызы вызначаецца наяўнасць, характар і механізм атрымання цялесных пашкоджанняў, якія нанеслі чалавеку. Пасля правядзення такой  працэдуры заказчык атрымлівае арыгінал заключэння, у якім адлюстроўваюцца кароткія  абставіны справы, даследчая частка і высновы. Гэты від дакумента ён захоўвае ў сябе і можа прад’явіць у любы праваахоўны орган Рэспублікі Беларусь без абмежавання тэрміну даўнасці.

Заключэнне эксперта з’яўляецца вельмі важнай крыніцай доказу. З улікам яе, напрыклад, следчы прымае рашэнне прад’яўляць грамадзяніну абвінавачванне ці не, а суддзя прызнае падсуднага вінаватым ці апраўдвае.

Нашы кантакты ёсць на сайтах Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў, мясцовых органаў улад. Калі ўзніклі пытанні і чалавек не знайшоў адказу на інфармацыйным рэсурсе, там пазначаны кантактныя тэлефоны, па якіх таксама можна атрымаць растлумачэнні.

Любы жадаючы жыхар Дзятлаўшчыны, калі яму неабходна дапамога судова-медыцынскага эксперта, можа звяртацца ў сектар судова-медыцынскіх экспертызаў на адрас: горад Слонім, вуліца Зялёная, 14.

Мы працуем з панядзелка па пятніцу з 9 да 16 гадзін. Тэлефоны для даведак: 8-01563-2-79-02, 8-01563-2-78-10.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga