Не падайце духам, усміхайцеся часцей

Важнае Грамадства Падзеі

Людзі любога ўзросту чакаюць добрых цудаў, падарункаў, увагі.

28 снежня ў рамках дабрачыннай акцыі “З Новым годам, ветэраны!” свята завітала да жыхароў Казлоўшчынскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

З падарункамі і віншаваннямі ўстанову наведалі старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель, яе намесніца Таццяна Нікіпорчык, сакратар раённага савета ветэранаў Ядвіга Гушча.

– Незалежна ад таго, колькі нам гадоў, мы чакаем Новага года, як чагосьці добрага і чароўнага ў жыцці, – звярнулася да насельнікаў аддзялення Алена Васкель. – Спадзяюся, што ў 2022 годзе скончыцца пандэмія, з’явіцца больш магчымасцяў для сустрэч. Жадаю вам здароўя, бадзёрасці духу, жывіце доўга і шчасліва.

Загадчыцы аддзялення Валянціне Белай Алена Васкель і Таццяна Нікіпорчык перадалі падарункі для пажылых людзей ад раённай жаночай арганізацыі.

Эстафету віншаванняў пераняла Ядвіга Гушча.

– З Новым годам, ветэраны! Жадаю вам упэўненасці ў сабе і аптымізму. Наша дзяржава клапоціцца аб грамадзянах пажылога ўзросту, якім цяжка адным спраўляцца з бытавымі справамі. Сёння мы сустракаемся ў прыгожым камфортным будынку, дзе вы знаходзіцеся як адна вялікая сям’я. Спадзяюся, што і ў новым годзе вашымі пастаяннымі спадарожнікамі будуць добры настрой і клопат сацыяльных работнікаў, – зазначыла Ядвіга Міхайлаўна, перадаючы салодкія падарункі.

Як дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, Таццяна Нікіпорчык падзякавала загадчыцы аддзялення Валянціне Белай і калектыву за плённую работу:

– Сямейны камфорт і спрыяльную абстаноўку ў гэтай сацыяльнай установе змог стварыць менавіта працоўны калектыў. Вы не адчуваеце сябе адзінокімі ні ў будні, ні ў святы, ні калі хварэеце. Я заўсёды спакойная, бо спецыялісты ўсёй душой аддаюць сябе справе, працуюць добрасумленна, перажываюць за кожнага з вас, як за роднага чалавека. Вы павінны памятаць, што знаходзіцеся ў адной вялікай сям’і, разумець і цаніць гэта. Міру вам, спакою, дабрабыту на многія гады.

Таццяна Сямёнаўна перадала насельнікам тэкстыльныя ёлачкі, змайстраваныя наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей “Праменьчык” райцэнтра.

За падарункі і цёплыя словы гасцям падзякавала Валянціна Белая, пажадала ім і іх блізкім гармоніі ў сем’ях, светлых момантаў жыцця, Божай дапамогі на кожны дзень.

Шчырыя словы персаналу аддзялення адрасавала насельніца Таццяна Сідорчык:

– Я ўдзячна нашай дзяржаве за камфортную старасць, Богу – за тое, што трапіла ў сацыяльную ўстанову, дзе працуе клапатлівы, дружны, неабыякавы калектыў. Жадаю нашай Беларусі далейшага дабрабыту, усім суайчыннікам – шчаслівых мірных дзён.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga