Аб самых маленькіх…

Грамадства Свежыя навіны

Гаворка пойдзе пра дзяцей ранняга ўзросту, ад нараджэння да трох гадоў.

Што можа быць выдатней і кранальней гэтых малышоў. Першая ўсмешка, першае “агу”, першы зубок, першы няўпэўнены крок, першае ўсвядомленае слова – усё гэта дасягненні і наватворы ранняга ўзросту. Аднак, як паказвае практыка работы, і ў гэтым узросце ў дзяцей і іх бацькоў, а значыць, ва ўсёй сям’і, якая выхоўвае такое дзіця, могуць узнікаць розныя па характары, ступені цяжкасці  праблемы, якія важна своечасова прызнаць і вырашаць.

Такім сем’ям патрэбна, а часам і неабходна, надзейная, даступная, кампетэнтная, своечасовая, разнапланавая інфармацыя і дапамога спецыялістаў, якія маюць тэарэтычныя, а галоўнае, практычныя навыкі работы з дзецьмі ранняга ўзросту. Такую дапамогу, пры жаданні, сем’і могуць атрымаць у Дзятлаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Тут працуюць спецыялісты: педагог-псіхолаг Таццяна Шундрык, якая дасць кансультацыю па цяжкіх праблемах развіцця і выхавання дзіцяці; настаўнік-дэфектолаг Лілія Шумская, якая правядзе заняткі з вашым дзіцем і пакажа вам, як арганізаваць іх дома.

Адрас, па якім можна атрымаць кансультацыю, прайсці псіхолага-медыка-педагагічную камісію, наведаць заняткі, навучыцца займацца з вашым дзіцем:

г. Дзятлава, вул. Чырвонаармейская, 9, тэлефон 2-61-89.

Для бацькоў, педагогаў у сацыяльных сетках «Аднакласнікі» створана старонка “Матчына школа”, дзе размяшчаецца матэрыял для развіцця і выхавання дзяцей ранняга ўзросту.

“Трывожныя званочкі” ў развіцці дзіцяці:

— гаворыць на “сваёй мове” або зусім не гаворыць;

— не звяртае ўвагу на гаворку дарослага, не адклікаецца на сваё імя;

— не паўтарае за блізкім дарослым гукі і дзеянні;

— няёмка ці дзіўна ходзіць або бегае;

— не глядзіць у вочы;

— абыякавы да блізкіх дарослых;

— нядоўга або дзіўна гуляе з цацкамі;

— не атрымліваецца прывучыць да гаршка.

Чым мы можам дапамагчы?

— Правядзём комплекснае абследаванне дзіцяці, вызначым моцныя і слабыя бакі ў яго развіцці.

— Сумесна з вамі распрацуем і рэалізуем індывідуальную праграму развіцця малога.

— Падбяром неабходныя гульні і цацкі.

— Дапаможам вам лепш разумець сваё дзіця і больш эфектыўна ўзаемадзейнічаць з ім.

— Пакажам, як арганізаваць жыццё малога.

Таксама бацькі могуць звярнуцца ў Цэнтр ранняга ўмяшання з любым пытаннем і трывогамі па раннім развіцці дзіцяці. Спецыялісты дапамогуць зразумець, ці ёсць падставы для хвалявання. Спачатку трэба звярнуцца да свайго педыятра і расказаць яму пра тое, што вас турбуе ў развіцці дзіцяці. Участковы доктар-педыятр накіроўвае бацькоў дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў у кабінет ранняга ўмяшання, якія жадаюць правесці свайму дзіцяці дыягностыку, а таксама дзяцей з выяўленымі парушэннямі развіцця, групы рызыкі і пацверджаных рызык затрымкі псіхафізічнага і маўленчага развіцця. Такі цэнтр працуе на базе дзіцячай паліклінікі Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы (г. Слонім, вул. Брэсцкая, 56; тэлефон 8 (01562) 3-80-04).

Святлана РАНЦЭВІЧ,
педагог сацыяльны Дзятлаўскага раённага ЦКРНіР

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: