Прафсаюзныя ініцыятывы замацаваны заканадаўча

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Нядаўна пад старшынством прафсаюзаў у анлайн-рэжыме прайшло пасяджэнне Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.

Аб тэмах, якія прагучалі, расказаў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык:

– Размова ішла аб выніках выканання ў 2019-2021 гадах Генеральнага пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў. Разгледжаны важныя дэталі праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносінаў”, абмеркаваны рост цэн і іншыя аспекты.

Больш падрабязна пра актуальнае. Штотыднёва прафсаюзныя актывісты ажыццяўляюць маніторынг цэн на прадукты харчавання і лекі. Ён паказаў, што ёсць групы тавараў, якія падаражалі, напрыклад, у гадавым выражэнні па звестках за верасень лідарам па росце цэн стала традыцыйная для беларусаў агародніна.

Таксама ў двух аптэках нашага горада (прыватнай і дзяржаўнай) вядзецца маніторынг цэн на найбольш запатрабаваныя лекі, іх кошт застаецца дастаткова стабільным, аптэкі шырока выкарыстоўваюць сістэму зніжак, на прылаўках пераважаюць лекавыя сродкі, якія карыстаюцца найбольшым попытам. Пры адсутнасці запатрабаваных медыцынскіх прэпаратаў або значным павышэнні кошту на іх, прафсаюзы інфармуюць прадстаўнікоў дзяржорганаў для аператыўнага вырашэння пытання.

Заўсёды прафсаюзы былі ініцыятарамі ўдасканалення працоўнага заканадаўства і ўнясення змяненняў па павышэнні гарантый для работнікаў у працоўны кодэкс. Цяпер большасць калектыўных дагавораў утрымліваюць норму аб тым, што работнікі могуць скарыстацца дадатковым водпускам па сямейна-бытавых прычынах з захаваннем заработнай платы, напрыклад, у сувязі з вяселлем або нараджэннем дзіцяці. Як правіла, яго працягласць ад аднаго да трох дзён, аднак у бюджэтных арганізацый часта ўзнікалі пытанні па фінансаванні расходаў на аплату незапланаваных водпускаў, таму прафсаюзы настаялі на заканадаўчым замацаванні гэтай нормы.

Унесены ў законапраект і іншыя навацыі, якія тычацца парадку прадастаўлення водпускаў, напрыклад, работнікам, якія сумяшчаюць работу і навучанне, а таксама адносна ўмоваў праходжання дыспансерызацыі.

Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі на аснове гэтых змяненняў будуць удасканальваць свае калектыўныя дагаворы для паляпшэння працоўнага і сацыяльнага становішча работнікаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga