Плануеце будаўніцтва ці рэканструкцыю – атрымайце дазвол

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Жаданне добраўпарадкаваць жыллё, стварыць годныя ўмовы для сябе і блізкіх уласціва кожнаму, але пры ажыццяўленні будаўнічых планаў недасведчаны чалавек можа трапіць у непрыемную сітуацыю, якая даставіць клопаты і фінансавыя страты.

Якія патрабаванні заканадаўства трэба ведаць?

Самае распаўсюджанае парушэнне – гэта самавольнае будаўніцтва або рэканструкцыя. Такімі яны лічацца ў трох выпадках: па-першае, калі ажыццяўляюцца на самавольна занятым участку; па-другое, калі ўчастак выкарыстоўваецца не па мэтавым прызначэнні ці быў прадастаўлены з парушэннямі; па-трэцяе, калі няма неабходных дазволаў на будаўніцтва, рэканструкцыю або праектнай дакументацыі, якая прадугледжана заканадаўствам, ці істотна парушаны горадабудаўнічыя і будаўнічыя нормы і правілы.

Варта ведаць, што асоба, якая выканала самавольнае будаўніцтва, не будзе мець права ўласнасці на пабудову, не зможа карыстацца і распараджацца ёю: прадаваць, дарыць, здаваць у арэнду, ажыццяўляць іншыя здзелкі.

Перш, чым пачаць любое будаўніцтва, неабходна мець зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку зямельны ўчастак. Права ўласнасці або пажыццёвае спадчыннае валоданне на яго павінна пацвярджацца пасведчаннем аб дзяржаўнай рэгістрацыі ці дзяржаўным актам, інакш самавольная пабудова будзе падлягаць зносу.

Пры наяўнасці правазасведчвальных дакументаў на зямельны ўчастак па дазвол на будаўніцтва жылога дома ці гаспадарчых пабудоваў неабходна звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган з заявай, пашпартам (іншым дакументам, які сведчыць асобу) і пісьмовай згодай усіх уладальнікаў участка, які знаходзіцца ў агульнай уласнасці.

Па дазвол на рэканструкцыю жылых і нежылых памяшканняў, нежылых капітальных пабудоваў на прысядзібнай тэрыторыі, незавершаных закансерваваных капітальных будынкаў заяўнік павінен звярнуцца ў райвыканкам з заявай, пашпартам (іншым дакументам, які сведчыць асобу), тэхнічным пашпартам і дакументам, які пацвярджае права ўласнасці на памяшканне, ведамасцю тэхнічных характарыстык (пры наяўнасці), дакументам, які пацвярджае права на зямельны ўчастак, дзе размешчаны незавершаны капiтальны будынак (пры наяўнасці), засведчанай натарыяльна пісьмовай згодай паўналетніх грамадзян, якія маюць права валодання і карыстання памяшканнем, і ўдзельнікаў агульнай долевай уласнасці, у тым ліку часова адсутных, або копіяй рашэння суда аб неабходнасці выканання рэканструкцыі (калі судом прымалася такое рашэнне), апісаннем работ і планаў па рэканструкцыі, складзеным у адвольнай форме.

Такія дазволы выдаюцца заяўніку бясплатна. Пасля атрымання трэба звярнуцца ў любую праектную арганізацыю ці да індывідуальнага прадпрымальніка, на платнай аснове вырабіць праектную дакументацыю і ўзгадніць яе ў законным парадку. Менавіта праектам будзе прадугледжана размяшчэнне будынкаў у адпаведнасці з жаданнямі забудоўшчыка і патрабаваннямі нормаў і правілаў.

Пасля можна прымацца за справу, аднак, калі ў працэсе будоўлі гаспадар вырашыць нешта змяніць, то гэтыя змяненні таксама неабходна адкарэкціраваць ў дазвольнай і праектнай дакументацыі, значыць, давядзецца зноў ісці да праекціроўшчыка.

Якія ж меры адказнасці ў нашай краіне прадугледжаны за парушэнні?

За самавольнае будаўніцтва давядзецца заплаціць штраф: для фізічных асобаў – ад 5 да 30 базавых велічыняў; для ІП – ад 20 да 100; для юрыдычных асобаў – ад 20 да 500.

За самавольную перабудову, перапланіроўку жылых і нежылых памяшканняў, у тым ліку інжынерных сістэм, без змены апорнай здольнасці канструкцый, а таксама выкарыстанне не па прызначэнні жылых памяшканняў, прыдатных для пражывання, прадугледжаны штраф: для фізічных асобаў – да 20 базавых велічыняў, для юрыдычных – ад 30 да 60.

За самавольную перабудову ці перапланіроўку жылых і нежылых памяшканняў, калі яны прывялі да зніжэння апорнай здольнасці канструкцыйных элементаў будынка, а таксама пераабсталяванне і рэканструкцыю вентыляцыйных шахт і каналаў давядзецца заплаціць штраф фізічным асобам – ад 10 да 30 базавых велічыняў, юрыдычным – ад 50 да 70.

Дарэчы, прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці і аплата штрафу не з’яўляецца падставай для ўзаконьвання самавольнай пабудовы.

Жыхары раёна, якія плануюць будаўніцтва ці рэканструкцыю, могуць звяртацца па кансультацыі ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама на адрас: г. Дзятлава, вул. Леніна, 18, к. 302, 303. Тэлефоны для даведак: 2-13-23, 6-01-70.

Аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga