Справа ў руках маладых

Галоўнае Грамадства

Дзятлаўскае ПМС – прагрэсіўная арганізацыя з грунтоўнымі традыцыямі.

У страі раённай меліярацыі сёння верныя сваёй прафесіі людзі, чый працоўны стаж налічвае больш за тры і нават чатыры дзесяцігоддзі. Побач з імі – маладыя амбіцыёзныя кіраўнікі, якія паспяхова спраўляюцца з прафесійнымі задачамі любой складанасці.

Работа меліяратараў немагчымая без выкарыстання аўтатрактарнай тэхнікі рознай магутнасці і прызначэння. Нездарма ж прадпрыемства мае ўнушальны транспартны парк у 122 адзінкі машын і механізмаў, які пастаянна абнаўляецца. За тое, каб тэхніка працавала без збояў і паломак, адказваюць спецыялісты аддзела механізацыі – намеснік дырэктара па механізацыі Сяргей Гародка, вядучы механік па аўтатранспарце Дзмітрый Баравік і старшы механік па планава-папераджальным рамонце Аляксей Ерамейчык.

– Стараемся не проста выканаць своечасова дастаўку запчастак, інструмента і рамонт, а працаваць на апераджэнне, каб не было прастою тэхнікі, – коратка характарызуе работу аддзела Сяргей Гродка. – Аператыўнымі быць важна, бо практычна ўсе заказы мы выконваем сваімі сіламі.

Сяргей Барысавіч – кіраўнік малады, але вопытны. Амаль дзесяцігоддзе ён у арганізацыі, два апошнія гады ўзначальвае аддзел механізацыі. Працаваць з тэхнікай – яго талент і прызванне. Малады чалавек жартуе, што ён вечны студэнт: вучыўся ажно дваццаць гадоў ад школы да заканчэння завочнага аддзялення ўніверсітэта. Сяргей Гародка атрымаў першую спецыяльнасць у Мінскім машынабудаўнічым тэхнікуме, дзе праяўляў значныя поспехі ў адукацыі. За перамогу ў алімпіядзе “Лепшы па прафесіі” яго імя было занесена ў рэспубліканскі банк адоранай моладзі. Вышэйшую адукацыю малады чалавек атрымліваў у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, адначасова асвойваючы сваю прафесію на практыцы. Папрацаваўшы ў Мінску, вярнуўся ў родную Казлоўшчыну, атрымаў запрашэнне працаваць на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, куды прыйшоў майстрам. Як паказаў час, работа і спецыяліст ідэальна знайшлі адно аднаго. Адчуваць сябе ў калектыве ўпэўнена дапамаглі не толькі веды і прафесіяналізм, але і добрыя парады калег, асабліва яго бацькі Барыса Гародкі, аднаго з вопытных вадзіцеляў прадпрыемства. Лёсам наканавана было яго сыну Сяргею вярнуцца на радзіму, дзе знайшоў працу па здольнасцях, стварыў сям’ю, стаў шчаслівым татам сына і дачкі. Свае тэхнічныя таленты ён прымяняе не толькі на працы, але і дома, паказваючы на ўласным прыкладзе, што самае надзейнае тое, што зроблена сваімі рукамі.

Дзмітрый Баравік прыйшоў у меліярацыю з дыпломам настаўніка, маючы вопыт працы ў школах Дзятлаўшчыны, што зусім не перашкодзіла яму хутка разабрацца ў справе. У 2008 годзе ён змяніў школьны клас інфарматыкі на кабінет аддзела кадраў на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. Працуючы майстрам, пасля ён меў магчымасць пазнаёміцца з усімі нюансамі работы меліяратараў. Працаваў са сваім калектывам на такіх значных аб’ектах, як рэканструкцыя вуліц Прытыцкага, Фогеля ў Дзятлаве, падрыхтоўцы тэрыторыі на будаўніцтве Астравецкай АЭС. Атрыманы вопыт прымяніў у аддзеле механізацыі, падмацаваўшы яго адказным стаўленнем да працы і аператыўнасцю. Клопатаў у вядучага механіка багата: выпуск тэхнікі на працу, кіраванне працэсам падрыхтоўкі да тэхнічных аглядаў, бягучы рамонт.

– Праца звычайная, без форс-мажораў, бо тэхніка ў нас добрая, абнаўляецца своечасова, – кажа Дзмітрый Расціслававіч.

Вось і нядаўна для Дзятлаўскага ПМС былі набыты новыя машыны праз агралізінг – экскаватар “Амкадор”, два трактары “Беларус”, да канца года будзе закуплена і навясное абсталяванне. Яны ўжо прыбылі на прадпрыемства, у хуткім часе будуць задзейнічаны ў рабоце меліяратараў.

Самым маладым, але не менш перспектыўным супрацоўнікам аддзела стаў старшы механік па планава-папераджальным рамонце Аляксей Ерамейчык, які прыйшоў на прадпрыемства меліярацыйных сістэм толькі сёлета. І не адзін, а з жонкай Веранікай, якая працуе тут інжынерам. Сямейны дуэт Ерамейчыкаў гарманічна ўпісаўся ў калектыў меліяратараў, дзе шануюць, падтрымліваюць сямейныя сувязі і працоўныя дынастыі.

Пра сям’ю Ерамейчыкаў чытайце ў адным з наступных нумароў газеты “Перамога”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga