У меліяратараў – прафесійнае свята

Галоўнае Грамадства

У першую нядзелю чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць працаўнікі Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэмаў.

На сёння гэта адно з паспяховых прадпрыемстваў нашай вобласці, якое мае заказы, дзе стабільная зарплата і, галоўнае, працаздольны, зладжаны калектыў.

Калі б не цяперашняя эпідэмічная сітуацыя, тут з нагоды свята зладзілі б віншавальна-канцэртную праграму, сабраліся і пагаварылі пра поспехі і набыткі, ушанавалі ветэранаў і лепшых працаўнікоў, як традыцыйна рабілі з году ў год.Але сёлета давядзецца адзначыць намаганні калектыва толькі прэміямі, залічанымі на карткі. Сустрэчу давядзецца перанесці на лепшы час. Дарэчы, у наступным годзе ПМС адзначыць адметны юбілей – паўстагоддзя з моманту заснавання прадпрыемства.

Віктар Адамчык, дырэктар Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэмаў:

—Напярэдадні нашага прафесійнага свята віншую ўвесь калектыў, а гэта больш за 100 чалавек,  жадаю кожнаму, найперш, здароўя, а яшчэ поспехаў і дабрабыту.

Самых цёплых словаў падзякі за шматгадовую працу заслугоўваюць нашы ветэраны. Мы дзякуем ім за тое, што заклалі аснову нашага прадпрыемства, якому хутка 50. Стараемся не забываць пра іх асабістыя святы.Днямі мы павіншавалі з 70-годдзем Ганну Віктараўну Лішык і Віктара Яўгенавіча Цімафейчыка, якія шмат гадоў адпрацавалі ў ПМС. Няхай і ў іх, і ў іншых нашых ветэранаў будзе ў жыцці яшчэ шмат прыемных юбілеяў.

Таксама варта падзякаваць калектыву за разуменне, цярпенне, вернасць меліяратарскай справе. Пагадзіцеся, не кожны здольны вытрымаць раз’язны характар працы, калі даводзіцца і жыць, і харчавацца па-за домам, бачыць родных толькі па суботах і нядзелях.

Наша прадпрыемства абслугоўвае меліярацыйныя сеткі на тэрыторыі Дзятлаўскага і Карэліцкага раёнаў, а працуюць  рабочыя-меліяратары на разнастайных аб’ектах вобласці.  Цяпер адзін з буйных – мост на рацэ Чапунька ў Іўеўскім раёне, кошт якога каля 400 тысяч рублёў. Яго мы павінны здаць праз тры месяцы.Карыстаючыся магчымасцю, дзякую кіраўніку “Гроднамеліяводгаса” Барысу Багданцу і калектыву-заказчыку за плённае супрацоўніцтва: наша ПМС мае добры падрад на Чапуньцы.

 

Васіль Бавдзей начальнікам карэліцкага ўчастка Дзятлаўскага ПМС працуе з моманту яго ўтварэння, а было гэта ў 2011 годзе. Каб не даводзілася работнікам дабірацца на працу так далёка, было прынята рашэнне набраць спецыялістаў з мясцовых, карэліцкіх.

Прапанаванага на пасаду начальніка ўчастка Васіля Аляксандравіча Бавдзея ўпадабаў, прызнаецца Віктар Адамчык, адразу. І ніводнага разу не пашкадаваў аб сваім выбары: ёсць паразуменне, давер і задаволенасць яго працай.

Цяпер на карэліцкім участку заняты 15 чалавек. Для іх створаны неблагія ўмовы працы, ёсць неабходная тэхніка – тры экскаватары, бульдозер, пяць калёсных трактароў.

Падчас наведвання Дзятлаўскага ПМС нам пашанцавала – сустрэлі  тут Васіля Бавдзея, які прыехаў па справах, з’явілася магчымасць пацікавіцца настроем і задаць пытанне: што жадае ён калегам з нагодысвята? Васіль Аляксандравіч нешматслоўна зазначыў, што галоўнае пажаданне – каб была работа! І пабольш яе. Тады будзе і настрой, і дабрабыт.

У 1984 годзе прыехала на працу ў ПМС Раіса Пятліцкая. Яна на той час толькі закончыла Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум і атрымала размеркаванне на Дзятлаўшчыну. Прызначылі маладога спецыяліста брыгадзірам па дрэнажы.

Менавіта з гэтай пасады пачынала ў калектыве меліяратараў сённяшні вядучы эканаміст  Раіса Іосіфаўна Пятліцкая. А з таго часу, як пераступіла парог прадпрыемства, мінулі 36 гадоў. Прыжылася на Дзятлаўшчыне ўраджэнка Піншчыны. І  цяпер Раіса Іосіфаўна з удзячнасцю ўспамінае людзей, якія вучылі, дапамагалі ёй на працоўным шляху. Гэта тагачасны начальнік ПМС Міхаіл Фёдаравіч Лукашэня, начальнік планавага аддзела Галіна Іосіфаўна Шушко, галоўны бухгалтар Надзея Іванаўна Янушкевіч.Гэтыя людзі сёння на заслужаным адпачынку, але іх прыгадваюць з павагай і ўдзячнасцю, ім жадаюць жыццёвай бадзёрасці і даўгалецця.

Цяпер больш за палову працаўнікоў ПМС, а дакладней 66 чалавек, маюць працоўны стаж ад аднага года да пяці. Калектыў апошнім часам прыкметна амаладзіўся. Днямі  прыняты тэхнікам-гідрамеліяратарам Аляксандр Кузьмінчук. Прыехаў па размеркаванні пасля заканчэння Пінскага аграрнага каледжа.

Каля года адпрацавала на прадпрыемстве тэхнікам Крысціна Палуянцэвіч. Па яе словах, калектыў і праца падабаюцца. За час работы пераканалася ў гэтым. Маладога спецыяліста не палохаў раз’язны характар работы і тое, што працаваць давялося, лічы, у мужчынскім калектыве.І з бульдазерыстамі, і з экскаватаршчыкамі, сцвярджае, умее знаходзіць агульную мову.

Крысціна ніколькі не шкадуе, што вярнулася на Дзятлаўшчыну. Яна – з невялікай вёскі Амбражылевічы. Адтуль за кампанію з сяброўкай паехала паступаць у Навапольскі аграрна-эканамічны каледж. Паступіла, закончыла, адпрацавала і вярнулася на радзіму. Тут Крысціна мяркуе замацавацца: цяпер дзяўчына прымае справы і будзе працаваць у ПМС на пасадзе інжынера па ўліку меліярацыйных сістэмаў.

 

Адным са “старажылаў” ПМС з’яўляецца Аляксандр Міхайлавіч Лішык. Усё яго працоўнае жыццё звязана з гэтым прадпрыемствам. Працаваў тут да арміі, адслужыў, вярнуўся і зноў уладкаваўся на працу вадзіцелем. З таго часу прайшлі 42 гады.

Аляксандр Міхайлавіч – шосты год, як на пенсіі. Але яго ўмелыя рукі патрэбны: цяпер ён і слесар-рамонтнік, і  столяр, і пры неабходнасці – вадзіцель  аўтакара.

Многія драўляныя вырабы, што ёсць на тэрыторыі ПМС, выштукаваў умелы майстар. У сталярным цэху, куды зайшлі паглядзець і зрабіць фотаздымак, звярнулі ўвагу на круглы столік, яго Аляксандр Міхайлавіч майструе для альтанкі.

Увогуле, на тэрыторыі прадпрыемства чыста, парадак: каля адміністрацыйнага будынка пасаджаны кветкі, на газоне ўсталявана пара буслоў.

Бытавыя ўмовы тут належныя, ёсць дзепаесці, памыцца. Маюць  і свой спартыўны пакой для заняткаў фітнесам, тэнісам, більярдам. ПМС – адно з тых прадпрыемстваў, дзе шануюць спорт, турызм, ладзяць паездкі на цікавыя мерапрыемствы і адметныя мясціны.

Пра тое, што прадпрыемства мае добрую матэрыяльную базу, расказаў вядучы механік па аўтатранспарце Дзмітрый Баравік.Цяпер у яго падпарадкаванні –  21 вадзіцель і 27 машын.

Сярод лепшых працаўнікоў, яму падначаленых, Дзмітрый Расціслававіч адзначыў Міхаіла Бандарчука, Уладзіміра Кузьміча, Барыса Гародку, Аляксея Яблонскага.

Сам Дзмітрый Баравік працуе ў ПМС з 2008 года: пачынаў спецыялістам па кадрах,  быў майстрам, цяпер – вядучы механік.  Кажа, што знайшоў з падначаленымі паразуменне. А з нагоды свята адрасуе ім традыцыйна вадзіцельскія пажаданні: ні цвіка, ні жэзла, а толькі зялёнага святла!

У Вадзіма Крупіцы, старшага механіка планава-папераджальнага рамонту, загадчыка майстэрні,  гэтымі днямі – своеасаблівы юбілей. 8 чэрвеня 2010 года, 10 гадоў таму, ён быў прыняты на працу ў ПМС. Да гэтага, расказаў Вадзім Мікалаевіч, шмат дзе давялося папрацаваць пасля заканчэння Лідскага індустрыяльнага тэхнікума, у тым ліку і ў Казлоўшчынскім вучылішчы.

Цяперашняй працай, кажа, задаволены: людзі ў калектыве добразычлівыя, з разуменнем і адказнасцю ставяцца да сваіх абавязкаў. Некаторыя ўжо на пенсіі, але працягваюць працаваць, паколькі іх вопыт і майстэрства вельмі дарэчы. Гэта токар Мікалай Мікалаевіч Радомскі, столяр і слесар-рамонтнік у адной асобе Аляксандр Міхайлавіч Лішык. Умелыміспецыялістамі з’яўляюцца зваршчык Яўген Іванавіч Каламінскі, токар Сяргей Генрыхавіч Яфімік.

Няхай у іх, зазначае загадчык майстэрні, ладзяцца справы, будуць лад і згода дома, поспехі на працы.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ,
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ