Калі не шануем сябе і блізкіх, хто нас будзе шанаваць?

Важнае Грамадства

Каранавірусная інфекцыя ўнесла ў жыццё людзей усяго свету шмат карэктываў.

Хвароба вельмі хутка распаўсюдзілася па ўсім зямным шары, і тое, што раней нам здавалася неверагодным, стала паўсядзённым. Загалоўкі навасных артыкулаў, якія “ляцяць” з цывілізаванай Еўропы, стракацеюць фразамі: “уведзены лакдаўн”, “пратэст супраць каранавірусных абмежаванняў”, “праціўнікі вакцынацыі”, “толькі для ўладальнікаў каранавірусных пашпартоў”, “забарона на наведванне грамадскіх месцаў” і іншымі.

Беларусам пашанцавала больш: нас пакуль не закранулі жорсткія меры. Мы можам спакойна працаваць, хадзіць па магазінах, карыстацца грамадскім транспартам. На жаль, у асенне-зімовы перыяд, калі значна ўзрасла рызыка заразіцца і перадаць хваробу іншаму, многія робяць гэта без ахоўнай маскі, без прышчэпкі, не захоўваючы адпаведную дыстанцыю.

Уявіце сябе ў наступнай сітуацыі. Вы стаіце ў магазіне, у чарзе. У нейкі момант чалавек, які стаяў за вамі без маскі, чыхаў і кашляў (а навошта яна, калі ўжо хворы?), літаральна навальваецца вам на плечы. Ці прымеце ад яго ў якасці важкага апраўдання словы: “Пачакайце трошкі, хачу паглядзець цэннік”. Мяркую, што не. Хутчэй за ўсё адэкватнай рэакцыяй стане як мінімум ваша раздражненне, як максімум – абурэнне і выказванне на яго адрас ўсяго, што думаеце пра такіх “разумнікаў”.

Дык чаму ж мы самі дазваляем сабе, не зважаючы на афіцыйную забарону, уваходзіць у гандлёвыя цэнтры, на вакзалы, у аб’екты грамадскага харчавання, культуры, на пошту, у іншыя шматлюдныя памяшканні без ахоўнай маскі? Хутчэй за ўсё для ўласных учынкаў “у гэтым кірунку” мы знойдзем мільёны апраўданняў: і дыхаць у масцы цяжка, і ў вачах цямнее, і толькі сёння яе дома забыўся, і ўчора ж так хадзіў – і нічога.

А вось калі назаўтра падымецца тэмпература, якой будзе першая думка? Правільна: “Мусіць-такі “падхапіў карону”. Будуць хваляванні, мітусня, паходы да доктара. Добра, калі ўсё скончыцца шчасліва, калі хвароба акажацца звычайнай рэспіраторнай інфекцыяй, а хатнія застануцца здаровымі.

Якія перакананні патрэбны даросламу чалавеку, каб у людных месцах насіць маску? Хопіць нам на гэта ўласнай адказнасці ці будзем чакаць супрацькавідных патрулёў і заўвагаў праваахоўнікаў? Мяркую, прасцей ужо цяпер пакласці ў кішэню, а лепш для надзейнасці ў дзве, ахоўныя медыцынскія маскі, а пры неабходнасці – правільна надзець, каб закрыць і нос, і падбародак. Бо калі не шануем сябе і блізкіх, хто нас будзе шанаваць?

Ірына ЛЕАНІДАВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: