Ніна Дзянішчык: “Хочацца, каб у вёсак былі перспектывы”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У маляўнічым куточку паміж палёў і лясоў амаль на ўскрайку Дзятлаўшчыны прытулілася вёска Ліжэйкі.

Менавіта сюды накіраваліся работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, каб сустрэцца з паважаным чалавекам – старастай вёскі Нінай Дзянішчык.

Кожнае дрэўца, кожны дом у Ліжэйках добра вядомы Ніне Мікалаеўне, якая нарадзілася і вырасла на гэтай зямлі. У суседніх Таркачах скончыла школу, паступіла ў Лідскае вучылішча прыборабудавання, вярнуўшыся ў свой раён, 20 гадоў адпрацавала ў Наваельні на гандлёвай базе. Пасля перайшла працаваць у раённы вузел паштовай сувязі, да выхаду на заслужаны адпачынак была, як раней яе матуля, вясковым паштальёнам. Па адрасах сваіх землякоў разносіла газеты і часопісы, пенсію, спажывецкія тавары. Добра знаёмыя з дзяцінства людзі з радасцю сустракалі Ніну Дзянішчык на парогах сваіх хат, бо разам з ёю ў дамы “прыходзілі” апошнія навіны, з паштальёнам можна было параіцца наконт любых жыццёвых сітуацый, заказаць пакупкі. Таму калі паўстала пытанне аб выбары старасты вёскі Ліжэйкі, усе без ваганняў падтрымалі кандыдатуру Ніны Мікалаеўны.

Сёння дзверы яе дома адчынены для тых, каму патрэбна падтрымка. Вяскоўцы звяртаюцца да сваёй старасты з простымі жыццёвымі пытаннямі: то перагарэў вулічны ліхтар, то ў дамах прапала электрычнасць, то пагаспадарыла завея і трэба хутчэй прыбраць снег, каб даехала аўталаўка і многае іншае. У цесным супрацоўніцтве са старшынёй Данілавіцкага сельвыканкама Ганнай Жых вырашаюцца ўсе гэтыя сітуацыі.

Здараецца і так, што, сустрэўшыся са старастай, землякі проста хочуць узгадаць мінулае вёскі, і пачынаецца размова: “А памятаеш…”

Ніна Мікалаеўна выдатна памятае ранейшыя Ліжэйкі, калі ў вёсцы быў свой клуб, працавала ферма, гадавалася шмат дзетак. У самой Ніны і яе мужа Генадзя падрастала трое – двое старэйшых сыноў і дачка. Генадзь Дзянішчык таксама карэнны ліжэйкавец, ведаў сваю будучую жонку з дзяцінства, палюбіў за добры характар і працавітыя рукі.

– Весела было ў часы нашай маладосці ў Ліжэйках, – узгадвае Ніна Мікалаеўна. – Хлопцы і дзяўчаты вечарамі збіраліся ў клубе на танцы, не прапускалі ніводнага вясковага вяселля, каледавалі, са старэйшымі жыхарамі спявалі юр’еўскія песні. Успаміны пра той цікавы час і сёння грэюць сэрца. А цяпер пастаянна жыць на зямлі продкаў засталіся каля двух дзясяткаў вяскоўцаў, моладзь у Ліжэйках затрымлівацца не хоча.

Тым не менш, Ніна Дзянішчык упэўнена, што вясковыя дзеці пры жаданні не горш за гарадскіх могуць “прабіць” сабе дарогу ў жыцці. Яе трое атрымалі вышэйшую адукацыю, сталі годнымі людзьмі. Старэйшы сын працуе на мытні, сярэдні – у піваварнай кампаніі “Аліварыя”, дачка – праграміст, жыве ў сталіцы. У госці да бабулі і дзядулі наведваюцца трое ўнукаў. Асабліва шумна ў бацькоўскім доме бывае на Вялікдзень, які Дзянішчыкі па добрай сямейнай традыцыі сустракаюць за адным сталом. Да свята гаспадыня абавязкова пячэ салодкія пірагі з карыцай і макам, гатуе розныя прысмакі.

Разважаючы пра сакрэты беларускай глыбінкі, вясковая стараста Ніна Дзянішчык сярод іх вылучае гасціннасць і адкрытасць жыхароў, любоў да роднай зямлі, якой ад калыскі да глыбокай старасці сяляне аддаюць шмат сваіх сілаў і энергіі, а яна ўзамен радуе гэтых людзей смачнай агароднінай, духмянымі яблыкамі і грушамі ў садах, спорным ураджаем грыбоў пад восень, чыстым гаючым паветрам.

На пытанне, што можа прывабіць моладзь у глыбінку, Ніна Мікалаеўна адказвае:

– Добрая работа і перспектывы. Хочацца, каб у нашых вёсак былі перспектывы.

Маладому пакаленню дзятлаўчан Ніна Дзянішчык жадае старанна вучыцца, атрымаць добрую адукацыю, займець такую работу, якая дазволіць самастойна будаваць жыццё і ўпэўнена глядзець у будучыню. І цудоўна, калі гэта будучыня прывядзе на малую радзіму.

Ірына СТЫРНІК         

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: