Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 30 жніўня па 5 верасня ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 65 паведамленняў, 3 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 23 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 39 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 25 правапарушальнікаў, узбуджана 3 крымінальныя справы.

Колькі вяровачцы не віцца

Раённым аддзелам Следчага камітэта на беспрацоўнага жыхара аднаго з аграгарадкоў раёна ўзбуджана крымінальная справа за махлярства. Мужчына ў салоне сотавай сувязі райцэнтра двойчы завалодаў чужой маёмасцю. У красавіку ён угаварыў дзятлаўчаніна прадаць у растэрміноўку мабільны тэлефон “Xiaomi” і аксесуары да яго, за якія плаціць не збіраўся, чым нанёс пацярпеламу матэрыяльную шкоду памерам 1196 рублёў. У чэрвені такім жа чынам махляр “купіў” у пенсіянера з суседняй з райцэнтрам вёскі “Алкатэль” коштам 554 рублі. Цяпер “прадпрымальнік” паўстане перад судом.

Пакінуў ключ – застаўся без інструментаў

Скарыстаўшыся ключом, які жыхар горада Дзятлава неабачліва пакінуў у замку свайго гаража, невядомы злодзей вынес адтуль два наборы інструментаў на агульную суму 350 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра акалічнасці крадзяжу, паведаміць на нумар 102 або ўчастковаму інспектару міліцыі.

Які з п’янага работнік?

Адміністрацыйны пратакол у час чарговага рэйда праваахоўнікі склалі на жывёлавода малочнатаварнай фермы адной з гаспадарак раёна, які знаходзіўся на працоўным месцы нецвярозым. Ступень ап’янення работніка была больш за адзін праміле. Прафілактычная работа міліцыі ў гэтым кірунку прадаўжаецца.

Уладзімір СВЯТОХА,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga