Сёлета з пачатку лета ў лясах Гродзенскай вобласці заблукалі двое пажылых людзей.
Сезон ціхага палявання для грыбнікоў самы любімы. На жаль, лічбы статыстыкі сведчаць, што менавіта ў гэты час павялічваецца колькасць грамадзян, якія ідуць у лес і не вяртаюцца дахаты. Найбольш уразлівая катэгорыя – пажылыя людзі, якія з-за свайго фізічнага стану могуць лёгка страціць арыентацыю ў прасторы.
З чэрвеня 2021 года ў лясах нашай вобласці заблукалі двое пажылых людзей. Абодва выпадкі адбыліся ў канцы месяца. Так, 26 чэрвеня 79-гадовая жыхарка вёскі Ляда Мастоўскага раёна пайшла ў лес і назад не вярнулася. Па дапамогу ў міліцыю звярнуліся яе сваякі. Бабулю знайшлі ў лясным масіве на наступны дзень, на шчасце, з ёю ўсё добра.
А вось 84-гадовага жыхара вёскі Голеўцы Шчучынскага раёна шукаюць і цяпер. 28 чэрвеня мужчына пайшоў на “ціхае паляванне” і ў вызначаны час не вярнуўся дахаты.
Каб лес не стаў пасткай, міліцыя заклікае жыхароў раёна ўстрымацца ад паходаў па ягады і грыбы ў спякотнае надвор’е і выконваць асноўныя правілы бяспекі: накіроўваючыся ў лес, добра ацаніце свае сілы, бо там вы будзеце сам-насам з прыродай, і ў выпадку пагаршэння самаадчування аказаць вам дапамогу не будзе каму; перад паходам зарадзіце мабільны тэлефон, вазьміце з сабой усе неабходныя лекі і ваду; раскажыце сваім блізкім, куды прыкладна вы пойдзеце, пастарайцеся далёка не адыходзіць ад гэтага месца.
Сяргей ЮШКЕВІЧ,
старшы інспектар АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga