Школа жыцця і сяброўства

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Іван Губко – ветэран пажарнай службы нашага раёна.

Уся яго працоўная біяграфія звязана з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. Чалавек, які са школы хацеў быць аграрыем, перасягнуў гарызонты сваіх магчымасцяў, каб атрымаць новае жыццё, аб якім нават і не марылася.

Іван Леанідавіч родам з вёскі Малая Палонка, што на Дзятлаўшчыне. Пасля заканчэння школы паступіў у Жыровіцкі саўгас-тэхнікум (цяпер аграрна-тэхнічны каледж), затым прызваўся ў армію ў Ленінградскае вышэйшае камандна-будаўнічае вучылішча. Пасля дэмабілізацыі малады чалавек вырашыў прадоўжыць атрыманне сельскагаспадарчай адукацыі на вышэйшай ступені. Выпускнік атрымаў свабодны дыплом, працаваў на Гродзеншчыне. Вяртаўся на радзіму, каб уладкавацца ў адну з мясцовых гаспадарак, але тут яго жыццё пайшло па іншай сцяжыне.

– Сельская гаспадарка – атмасфера, у якой я, вясковец, знаходзіўся з дзяцінства, – кажа суразмоўца, – але калі даведаўся, што пажарная служба ў раёне ваенізуецца, вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтай сферы. Як і любы мужчына, я хацеў працаваць і атрымліваць дастойны заробак, каб у будучым забяспечваць сям’ю.

Вышэйшая тэхнічная адукацыя дазволіла яму пасля праходжання спецыяльных курсаў заняць пасаду намесніка начальніка пажарнай аварыйна-выратавальнай часці ў Наваельні. Служба ратаўніком стала для маладога чалавека працай, школай жыцця і сяброўства. Пад кіраўніцтвам Івана Баброўскага разам з саслужыўцамі-аднагодкамі спасцігаў азы прафесіі. Тут знайшоў сапраўдных сяброў на ўсё жыццё.Іх каравул нават быў лепшым у вобласці на прафесійных спаборніцтвах.

– Нашы камандзіры былі мудрымі настаўнікамі. Яны вучылі ўсім нюансам справы, настойліва, цярпліва тлумачылі ўсё, каб мы сталі годнымі ратаўнікамі, – узгадвае Іван Губко.

Праз два гады службы ён стаў начальнікам каравула, працаваў на гэтым месцы цэлае дзесяцігоддзе. Каб “расці” ў прафесійным плане, атрымаў другую, спецыяльную вышэйшую адукацыю ў Інстытуце перападрыхтоўкі кадраў МНС.

На радзіму ў Новаяльнянскую часць Іван Леанідавіч вярнуўся ў якасці кіраўніка, на гэтай пасадзе працаваў да выхаду на адпачынак. Заслужанаму ратаўніку прапаноўвалі папрацаваць яшчэ пяць гадоў у пажарнай службе, але ён адмовіўся:

– Заўсёды лічыў, што кожнаму чалавеку адводзіцца свая пара, нават у рабоце. Я ўсё сваё жыццё аддаў гэтай службе і своечасова саступіў дарогу маладой дастойнай змене ратаўнікоў.

– За гады работы вы патушылі не адзін пажар. Ці было калі-небудзь страшна?

– Са свайго вопыту магу сказаць, што двух аднолькавых пажараў не бывае, выязджаючы на ліквідацыю ўзгарання, не ведаеш пэўна, што цябе там чакае. Нават не страх, а непакой за ўласнае жыццё адчуў са з’яўленнем сям’і, калі ведаў, што мяне дома чакаюць, я павінен вярнуцца жывым і здаровым.

А там чакала любімая жанчына, якую прывёў у дом, пабудаваны сваімі рукамі ў аграгарадку Дварэц. Са сваёй жонкай Валянцінай, як кажа мужчына, ні разу за ўсё жыццё не пасварыўся. Тут разам выгадавалі двух сыноў, старэйшы з якіх ужо самастойна працуе ў абласным цэнтры, а малодшы, уцеха бацькоў, выбраў ваенную спецыяльнасць, паступіў у кадэты. Чатырнаццацігадовы Андрэй хоча стаць ваенным доктарам. За плячыма ў яго – першы курс вучылішча, за які ён стаў камандзірам узвода і атрымаў званне віцэ-сяржанта.

– Кім стане ён па спецыяльнасці – не вельмі важна, – кажа тата. – Галоўнае, што ён будзе дастойным чалавекам.

Малады пенсіянер Іван Губко не ўмее сумаваць і проста адпачываць. Ён не забыўся пра мары аб сельскай гаспадарцы і вырашыў рэалізаваць сябе і ў гэтай сферы. Пакуль дзеці жылі побач, дапамагалі вырошчваць агародніну, трымаць карову і гадаваць курэй. Нядаўна споўніўся год, як мужчына працуе на малочнатаварнай ферме “Вялікая Палонка” аператарам халадзільнага абсталявання.

– Усё жыццё працаваў у мужчынскім калектыве, а цяпер – у жаночым. Новы цікавы вопыт. Прыйшоў паспрабаваць, але думаю тут затрымацца.

Ганарыцца тым, што іх невялікая ферма выпускае малако сорту “экстра”, і ў гэтым заслуга калектыву і загадчыцы Тамары Ёдчык, якая змагла аб’яднаць сваіх работнікаў для высокага выніку.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga