Памяць не гасне праз гады (+відэа)

Важнае Грамадства

У Дзень усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны эстафета памяці праходзіць на Дзятлаўшчыне.

Супрацоўнікі Парэцкага сельвыканкама, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, мясцовыя жыхары Парэцкага сельсавета наведалі вёску Дубраўка, якая была знішчана фашысцкімі карнікамі. У 1942 годзе тут было спалена 47 дамоў, расстраляны 98 чалавек, 22 – звезены на катаржную работу ў Германію.

– Сёння, у памятны і трагічны для беларусаў дзень, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мы ўшаноўваем памяць загінулых у ваенныя гады мясцовых жыхароў,– адзначыў старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка.

Прысутныя ўсклалі кветкі да помніка савецкім салдатам, ушанавалі памяць ахвяраў вайны хвілінай маўчання.

У гэты ж дзень старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык, супрацоўнікі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, работнікі мясцовага сельвыканкама наведалі памятныя мясціны казлоўшчынскай зямлі. На тэрыторыі сельскага савета – найбольшая колькасць населеных пунктаў, пацярпелых ад фашысцкіх карнікаў. У вёсцы Трахімавічы зімой 1942 года былі расстраляны 142 са 165 жыхароў, усе дамы, акрамя аднаго, былі спалены. У пасляваенны час вёска так і не змагла аднавіцца ў сваім ранейшым выглядзе. У Гарадках фашысты пад выглядам праверкі дакументаў вывелі на ўскраіну вёскі і расстралялі 290 мірных жыхароў. Моцна пацярпела ад фашысцкай навалы і вёска Малая Воля.

– Кожны год мы праводзім тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, – расказаў старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка. – Выязджаем у пацярпелыя вёскі, сустракаемся з мясцовымі жыхарамі, прыводзім у гэтыя памятныя мясціны дзяцей, расказваем ім пра тыя жахлівыя часы, каб новыя пакаленні не забывалі аб трагедыі сваіх землякоў, каб самая страшная вайна чалавецтва не паўтарылася.

Наталля АВЯРЧУК

Фота аўтара, фота Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga