Як ствараюць атмасферу даверу і бяспекі?

Галоўнае Грамадства

Да Дня пажылых людзей у рамках нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь “Актыўнае даўгалецце-2030” і раённага сацыяльнага праекта “У атмасферы даверу і бяспекі” да насельнікаў Казлоўшчынскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна са святочнымі сюрпрызамі наведаліся госці.

Каб разнастаіць вольны час пажылых людзей і інвалідаў, падарыць ім святочны настрой і часцінку сваёй дабрыні, яны падрыхтавалі розныя формы ўзаемадзеяння. Так, кіраўнік гуртка “Сувенір” Лілія Коласава прывезла для кожнага жыхара аддзялення прыгожыя рамкі для фотаздымкаў, зробленыя сваімі рукамі і арганізавала майстар-клас з восеньскім настроем “Вожык”, дзе ўдзельнікі змаглі самі стварыць прыгожыя папяровыя вырабы. Індывідуальны прадпрымальнік студыі “Фотаплюс” Павел Аблажэй наладзіў фотасесію, каб падораныя рамкі не заставаліся пустымі, а новыя здымкі яшчэ доўга нагадвалі пажылым людзям пра гэту цікавую сустрэчу. Выязны “салон прыгажосці” для жадаючых памяняць прычоску і пастрыгчыся арганізавала сярэбраны валанцёр клуба “Нам гады не бяда” Станіслава Шумейка, якая да выхаду на пенсію 40 гадоў адпрацавала цырульнікам. Насельнікі з вялікім задавальненнем выбіралі сабе заняткі па інтарэсах.

Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей і комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі ЦСОН Дзятлаўскага раёна, яна ж старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк больш падрабязна расказала пра сацыяльны міні-праект “У атмасферы даверу і бяспекі”:

– Яго арганізатарамі з’яўляюцца Цэнтр сацабслугоўвання, Дзятлаўскае благачынне, грамадскія аб’яднанні, прадпрымальнікі раёна. Праект распрацаваны для Казлоўшчынскага аддзялення, запушчаны ў сёлетнім жніўні і прадоўжыцца па снежань 2024 года. Ён скіраваны на актуалізацыю праблем пажылых людзей, вырашэнне іх праз цеснае ўзаемадзеянне сацыяльных партнёраў-удзельнікаў праекта, а таксама на паляпшэнне быту насельнікаў і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы аддзялення, добраўпарадкаванне прылеглай да яго тэрыторыі. Казлоўшчынскае аддзяленне разлічана на 25 койка-месцаў, якія поўнасцю запоўнены, сярэдні ўзрост жыхароў – 76 гадоў. Для паляпшэння якасці іх абслугоўвання і было задумана заручыцца дапамогай у актывістаў грамадскіх аб’яднанняў і валанцёраў раёна, а для забеспячэння духоўна-маральных патрэбаў – у святароў. Безумоўна, скрасіць вольны час, станоўча паўплываць на эмацыйны і фізічны стан пажылых людзей нам дапамогуць цікавыя сустрэчы і мерапрыемствы, якія плануем на працягу праекта ладзіць як у групавой, так і ў індывідуальнай формах. Мяркуем прадоўжыць традыцыю майстар-класаў і акцый “Добры цырульнік”, “Шчаслівыя фотаздымкі”, а таксама ладзіць дабрачынныя рэйды, эстафеты дабра, рэтравечарынкі, арганізоўваць сустрэчы са святарамі і многае іншае.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga