Упершыню для грамадзянскіх патрэб спецыяльны транспарт хуткай дапамогі (конны экіпаж) быў задзейнічаны ў Лондане ў 1832 годзе ў час эпідэміі халеры.
Першая вядомая пастаянна дзеючая бальнічная служба хуткай дапамогі была заснавана ў камерцыйным шпіталі Цынцынаці (ЗША) у 1865 годзе. Да канца 19 стагоддзя такія службы з’явіліся ў многіх буйных гарадах. Спецыяльныя экіпажы для ляжачых хворых называлі “карэтамі хуткай дапамогі”, гэта словазлучэнне ўжываецца і сёння.
У 1936 годзе ў СССР быў распрацаваны новы гатунак каўбасы — доктарская. Назва каўбасы тлумачылася яе асаблівай місіяй. Гэты прадукт, які лічыўся дыетычным, прызначаўся для папраўкі здароўя асобаў, якія пацярпелі ад голаду.
У Індыі закон абавязвае дактароў пісаць рэцэпт вялікімі літарамі, каб прадухіліць смерці, выкліканыя няправільным тлумачэннем іх почырку.
Да 1800 года медыкі насілі звычайную вопратку, часцей за ўсё чорную (з’яўленне ў доме медыка нярэдка папярэднічала смерці). Белыя халаты з’явіліся пасля таго, як дактары ўсвядомілі важнасць стэрыльнасці ў медыцынскай практыцы. Гэты колер дазваляў адразу заўважыць забруджванне.
Зараз усё больш медыкаў носіць халаты сіняга колеру. Гэта звязана з тым, што ў пацыентаў назіраецца “гіпертэнзія белага халата” — сіндром, пры якім ціск у прысутнасці доктара павялічваецца.
У Старажытнай Грэцыі разрад электрычнага ската часам выкарыстоўвалі ў якасці наркозу — для палягчэння болю пры аперацыях або родах.
Кроў часцей за ўсё бяруць з безыменнага пальца таму, што, у параўнанні з указальным і сярэднім, ён менш выкарыстоўваецца ў працы. Скура на ім танчэйшая, і пракол атрымліваецца менш балючым.
Ганна ІВАНОВА