Жыццёвыя пытанні. Каму рукі чэшуцца?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Цікава, чаму дарожная разметка трымаецца на асфальце сезон, а надпіс “Я цябе кахаю” – вельмі доўга?

На практыцы гэта пытанне-жарт сёння набывае зусім невясёлае адценне. Работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі б’юць у набат, бо ўсе іх намаганні зрабіць райцэнтр і пасёлкі Дзятлаўшчыны прыгожымі сутыкаюцца з побытавым, бессэнсоўным і бязлітасным разбурэннем. Як ставіцца да праблемы вандалізму ў горадзе і дзе шукаць вінаватых, разважаем разам з нашымі суразмоўцамі.

Віктар Дзедуль, намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ:

– З кожным годам наш райцэнтр прыгажэе. Дзякуючы старанням камунальнікаў і энтузіястаў тут з’яўляюцца новыя малыя формы, высаджваюцца маладыя дрэвы, разбіваюцца кветнікі, ствараюцца зоны адпачынку. Штогод рамантуем па некалькі дамоў і дваровых тэрыторый. Робім усё, што можа прынесці задавальненне мясцовым жыхарам. Аднак знаходзяцца і тыя, каго гэта не задавальняе. Не ведаю, чым кіруюцца людзі, якія мэтанакіравана псуюць гарадскую маёмасць, бо гэта далёка не заўсёды дзіцячае свавольства. Пашкоджанні самыя разнастайныя: у гарадскім парку па вуліцы Міцкевіча мы рэгулярна знаходзім пашкоджанымі паркавыя скульптуры і лаўкі, мясцовыя альтанкі распісаны нецэнзурнымі выразамі, часта яны становяцца не месцам адпачынку, а складам пустых бутэлек пасля алкагольных кампаній. На фасадах шматпавярховых дамоў з’яўляюцца няўмелыя “графіці”, якія псуюць іх агульны выгляд. Да прыкладу, на доме, што па вуліцы Азёрнай, забрудзілі толькі летась адрамантаваны і пафарбаваны фасад. У мікрараёне вуліцы Навагрудскай, побач з жылым сектарам, тры гады таму актывісты грамадскіх арганізацый райцэнтра пасадзілі маладыя дрэўцы, якія дагэтуль не могуць падрасці, бо дзеці, якія гуляюць на вуліцы пад наглядам сваіх бацькоў, пастаянна адломваюць іх вершаліны. На жаль, гэты пералік дапаўняецца пастаянна. Людзі не разумеюць, што сваімі ўчынкамі яны шкодзяць не камунальным работнікам, а сабе і сваім землякам. Сапсаваныя фігуры давядзецца аднаўляць, а фасады – зноў зафарбоўваць, што патрабуе сіл і фінансавых выдаткаў. Калі зламыснікі будуць знойдзены, ім давядзецца не толькі выплаціць нанесеную шкоду Дзятлаўскаму жылкамунгасу, але і “свеціць” немалы штраф.

Андрэй Юшкевіч, начальнік аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку АУС райвыканкама:

– Дзеянні, якія на першы погляд могуць падацца нявінным свавольствам, адпавядаюць канкрэтным артыкулам у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. “Дробнае хуліганства”, “Наўмыснае пашкоджанне маёмасці”, “Наўмыснае нанясенне шкоды” – па гэтых артыкулах можна атрымаць пакаранне да 30 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт. Я ўжо не кажу пра аматараў распіваць спіртныя напоі ў гарадскім парку. Толькі сёлета за гэта прыцягнута да адказнасці 12 чалавек. Зламыснікаў, якія спадзяюцца застацца незаўважанымі, хачу расчараваць: у гарадскім парку , а таксама на плошчы 17 Верасня ўстаноўлены відэакамеры, даныя з якіх перадаюцца на пульт дзяжурнага міліцыянера. Супрацьпраўныя дзеянні не застануцца незаўважанымі.

Роберт Асіпук, мастак, выкладчык Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава:

– Калі мы гаворым пра жаданне праявіць сябе ў маляванні, нават на сценах гэта рэальна зрабіць, не парушаючы закон. У Беларусі з кожным годам усё актыўней развіваецца графіці-рух, праводзяцца фестывалі, я сам у такіх удзельнічаў. З узгаднення мясцовых уладаў для малявання прафесіяналам і таленавітым аматарам аддаюцца дамы, фасады якіх патрабуюць афармлення, і яны набываюць новае жыццё. Што тычыцца Дзятлава, гэта маленькі прыгожы горад у старадаўнім еўрапейскім стылі. Тут гарманічная архітэктура, якая не патрабуе старонняга ўмяшальніцтва, тым больш ад непрафесіяналаў, якія займаюцца не графіці, а сапраўдным шкодніцтвам.

Ала Клімко, жыхарка шматпавярховага дома па вуліцы Чырвонаармейскай:

– Надпісы, якія час ад часу з’яўляюцца на сценах шматпавярховых дамоў нашага двара, не пакідаюць жыхароў раўнадушнымі. Нехта можа з неадабрэннем паківаць галавой, а нехта і выказаць словы асуджэння. Мне самой незразумела і недаспадобы жаданне маладых людзей праяўляць сябе такім чынам. На маю думку, няма пэўнага спосабу прадухіліць хуліганства або знайсці вінаватых, акрамя з’яўлення ў дварах сістэмы відэаназірання. Адзіны дзейсны від пакарання для вулічных “творцаў” – фінансавы. Калі чалавек са сваёй кішэні пакрые шкоду або заплаціць штраф, ён потым двойчы падумае перад тым, як маляваць на сценах.

Вера Аляксеева, жыхарка райцэнтра, матуля дзвюх дзяўчынак-дашкольніц:

– Мы з дачушкамі вельмі любім гуляць у гарадскім парку. Заўважаю, што паркавыя скульптуры, усталяваныя тут, вельмі падабаюцца дзецям і іх бацькам, яны з вялікай цікавасцю падыходзяць да іх, разглядваюць, робяць сэлфі. Мае дзяўчынкі заўважаюць з’яўленне кожнага новага персанажа, з радасцю знаёмяцца з імі. Вельмі крыўдна, што людзі, якія разбураюць усю гэту прыгажосць, не хочуць зразумець, што шкодзяць дзецям.

У час падрыхтоўкі матэрыялу да друку ў рэдакцыю патэлефанаваў усхваляваны прадстаўнік жылкамунгаса і паведаміў, што невядомыя выламалі сілай і скралі арэлі з дзіцячай пляцоўкі на вуліцы Навагрудскай. Ад такіх навін рукі апускаюцца не толькі ў камунальнікаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga