Дзятлаўшчыну наведаў міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа

Галоўнае Улада

Разам з генеральным дырэктарам Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага ўпраўлення Андрэем Дзівіным яны правялі сустрэчу ў калектыве Дзятлаўскага лясгаса, дзе абмеркавалі з калегамі сітуацыю ў лясной галіне.

– Лясная гаспадарка Беларусі чарговы раз даказала ўменне правільна ставіць мэты і дасягаць іх, – адзначыў міністр. – Фінансавае становішча ўсіх падраздзяленняў галіны стабільнае, у нас няма стратных прадпрыемстваў, заработная плата дастойная, яна выплачваецца своечасова і ў поўным аб’ёме. Сёння ў лясной гаспадарцы ёсць усе перадумовы для росту, развіцця і павышэння матэрыяльнага дабрабыту яе работнікаў.

Кіраўнік лясной галіны адзначыў пазітыўную дынаміку, якая назіраецца ў нашай краіне ў дрэваапрацоўцы. Беларускія прадпрыемствы пачынаюць дастойна канкурыраваць з замежнымі на ўніверсальнай таварнай біржы. Калі раней Беларусь пераважна экспарціравала драўніну, то сёння ўсё больш перапрацоўвае, тым самым павышаючы вартасць уласнай прадукцыі на міжнародным рынку.

Ён падзякаваў дзятлаўскім калегам за адказнае стаўленне да працы, нераўнадушша да лёсу свайго прадпрыемства і сваёй краіны.

– Вельмі слушна, што мы жывём у Беларусі ў Год народнага адзінства. Для ўласнага дабрабыту грамадству неабходна справіцца з эмоцыямі, аб’яднацца, а кожнаму з нас навучыцца прымаць узважаныя рашэнні, – рэзюмаваў выступленне Віталь Аляксандравіч.

Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, які ўдзельнічаў у сустрэчы, адзначыў стабільнае плённае супрацоўніцтва мясцовых уладаў з Дзятлаўскім лясгасам. Па яго словах, лесагаспадарчае прадпрыемства робіць свой важкі ўклад у эканоміку раёна.

У час сустрэчы работнікі лясгаса задавалі міністру лясной гаспадаркі хвалюючыя пытанні і атрымалі на іх грунтоўныя адказы.

Наталля АВЯРЧУК