У сезон нестабільных метэаўмоў пры ўсім жаданні не трэба забывацца пра прастудныя захворванні.
Эпідэміялагічная сітуацыя па захворванні на грып і іншыя рэспіраторныя інфекцыі на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна стабільная. За мінулы тыдзень зарэгістравана 213 выпадкаў захворвання. Захворванні на грып не зарэгістраваныя.
Важна ведаць, што тыповыя сімптомы грыпу – рэзкае і значнае павышэнне тэмпературы (да 38,5°-40° С), слабасць, галаўны боль, ламата ў целе. Звычайна на другі-трэці дзень захворвання з’яўляюцца болі ў горле, насмарк. Тэмпература трымаецца 3-5 дзён. Калі захворванне пачалося з насмарку, боляў у горле, кашлю на фоне ўмерана павышанай тэмпературы (да 38° С), гаворка ідзе не пра грып.
Але дакладна вызначыць дыягназ можа толькі доктар. Неабходна звяртацца да спецыялістаў, усе лекавыя прэпараты ўжываць толькі па іх прызначэнні і ні ў якім разе не “пераносіць інфекцыю на нагах”. Гэта небяспечна не толькі для хворага, але і з’яўляецца крыніцай распаўсюджання віруса сярод насельніцтва.
Галоўнае, не панікаваць і прытрымлівацца звычайных мер прафілактыкі (пазбягаць стрэсаў, ператамленняў, дыхаць свежым паветрам, ужываць вітаміны і мікраэлементы, загартоўвацца).
Таццяна КАСІЛА,
памочнік доктара-эпідэміёлага Дзятлаўскага райЦГЭ