Вольны час – сябар ці вораг падлетка?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У падлеткавым узросце фарміруюцца жыццёвыя прыярытэты, інтарэсы, густы, стаўленне да людзей, навыкі зносін, на аснове чаго складваецца асоба чалавека.

Уменне правільна арганізаваць вольны час для падлеткаў – гарант паспяховасці ў дарослым жыцці.

Якаснае баўленне вольнага часу – навык, які дазваляе чалавеку ўсебакова развівацца, але важна, каб занятак прыносіў задавальненне, інакш можна справакаваць стрэс, пастаянную стомленасць, псіхічнае і эмацыянальнае знясіленне.

Задача дарослых – падказаць дзецям карысныя заняткі. Выдатны варыянт – спартыўныя секцыі і гурткі, якія дапамогуць умацаваць здароўе, сфарміруюць сілу волі і лідарскія якасці, навучаць сябраваць, умацуюць камандны дух.

На развіццё творчых задаткаў і падрыхтоўку падлетка да бытавога жыцця скіраваны гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Такія карысныя захапленні дапамогуць дзецям знайсці сяброў па інатрэсах, а некаторым – вызначыцца з будучай прафесіяй.

Таму бацькам варта паназіраць, да чаго ляжыць душа падлетка, якімі здольнасцямі яго ўзнагародзіла прырода. Затым няхай само дзіця  добра асэнсуе прадастаўлены выбар і вырашыць, што яму будзе найбольш цікавым. Многа заняткаў па інтарэсах у нашым раёне прапаноўваюць падрастаючаму пакаленню ўстановы адукацыі, Дзіцячая школа мастацтваў, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Цэнтр культуры і народнай творчасці, раённая бібліятэка.

Не менш важна дарослым даручаць падлеткам пасільную работу. Дзеці павінны навучыцца прыбіраць за сабой, мыць посуд, гатаваць простыя стравы. Гэтыя навыкі не толькі спатрэбяцца ў дарослым жыцці, але і дапамогуць самаарганізавацца, правільна размеркаваць і выкарыстаць свой час.

Выдатным варыянтам для летняга адпачынку падлеткаў можа стаць летні лагер. Ён, як асобнае маленькае жыццё, дзе ніхто не ведае, які ты, як вучышся, хто твае бацькі. У летніку падлетка будуць успрымаць такім, якім ён сябе пакажа. Новыя сябры, рухомыя гульні, культурная праграма і свежае паветра – усё гэта пойдзе дзецям на карысць.

Аднак бацькам трэба памятаць, што ўсе дзеці розныя, і занятак абавязкова павінен адпавядаць не толькі інтарэсам, але і здольнасцям, тэмпераменту кожнага канкрэтнага дзіцяці. Толькі любімае захапленне можа стаць важным і падорыць маладому чалавеку шмат цікавых адкрыццяў.

Галіна НЕНАРТОВІЧ,
выхавальнік сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава