Нашы на шоу інтэлектуалаў “Я ведаю!”

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Нядаўна навучэнка 7 класа Гезгалаўскай сярэдняй школы Злата Гуз прыняла ўдзел у тэлепраграме для інтэлектуалаў “Я ведаю!”.

Гэта сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, які выяўляе і збірае на адной пляцоўцы самых дасведчаных школьнікаў краіны.

Для здымак у праграме Злату ў сталіцу суправаджаў дырэктар Гезгалаўскай школы Эдуард Ненартовіч. Ён расказаў, як яго вучаніца трапіла на беларускае тэлебачанне.

– У нашай школе тэлешоу “Я ведаю” любяць многія, мы нават ладзім школьныя гульні ў падобным фармаце. Не так даўно прыйшла ідэя паспрабаваць падаць заяўку на праграму. Заяўлялі двух вучняў (7 і 8 класаў), але адбор прайшла толькі сямікласніца Злата Гуз. На працягу некалькіх тыдняў настаўнікі-прадметнікі замацоўвалі веды дзяўчынкі па школьных дысцыплінах, аднак варта заўважыць, што Злата – выдатніца, якая мае яшчэ і някепскую агульную эрудыцыю.

Нарэшце мы апынуліся ў Мінску. Безумоўна, перажывалі, бо на кожны клас тут збіраюць да чатырох дзясяткаў лепшых вучняў з усёй рэспублікі. Сапернікі ў Златы былі дастойныя, не толькі школьнікі, але і гімназісты. Наш адбор быў першым, на яго з Гродзенскай вобласці трапілі Злата і сямікласнік з Зэльвы. Пытанні гучалі як на веданне школьнай праграмы, так і на эрудыцыю. Сярод дзяўчынак Злата паказала лепшыя веды, выйшла ў другі тур. Літаральна 1-2 балы ёй не хапіла да выхаду ў трэці. Тым не менш, лічу, што выступілі мы дастойна. Для маёй вучаніцы гэта добры стымул для далейшага развіцця. Увогуле, ад удзелу ў праекце засталіся найлепшыя ўспаміны: спадабалася добразычлівая атмасфера, цікава было ўжывую пабачыць Георгія Калдуна, паназіраць за працэсам здымак.

Сваімі ўражаннямі падзялілася і Злата Гуз.

– Паездка вельмі спадабалася, на памяць аб ёй застаўся дыплом удзельніцы. Самым складаным для мяне было пытанне: “На беразе якога мора знаходзіцца Тэль-Авіў?”. Калі прыехала, разгарнула кнігу па геаграфіі, а яшчэ ўдакладніла ў Інтэрнэце, што такое “ракіроўка”. Новыя веды я звычайна атрымліваю на ўроках, але патрэбную інфармацыю магу адшукаць і ў камп’ютары. Сярод школьных дысцыплін мне больш даспадобы руская мова і матэматыка. Лічу, што інтэлектуальная гульня “Я ведаю!” дапамагае праверыць узровень падрыхтоўкі і зразумець, на што яшчэ варта звярнуць увагу. Тэлепраект я гляджу з пятага класа, заўсёды марыла паўдзельнічаць у ім. На здымках сустрэла дастойных праціўнікаў, са многімі пасябравала. Вельмі хацелася б трапіць на гульню яшчэ раз. Праграму з маім удзелам пакажуць па тэлебачанні ў лютым 2021 года. Яе з нецярпеннем чакаюць мае школьныя сябры і сям’я. За свае поспехі, за ўдзел у праграме “Я ведаю!” удзячна сваім бацькам, настаўнікам, асабліва дырэктару школы – Эдуарду Іосіфавічу Ненартовічу.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Гезгалаўскай сярэдняй школай