Дзятлаўчане падзяліліся навагоднім настроем

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Карэспандэнтка запыталася ў дзятлаўчан, якія прыйшлі запаліць агні на навагодняй ялінцы і павесяліцца, пра іх уражанні ад мерапрыемства і настрой.

Дзед Мароз і Снягурачка з Наваельні:

– Мы з унучкай Снягурачкай прыбылі з Новаяльнянскай сярэдняй школы, каб разам з іншымі стварыць навагодні настрой. На свяце ёсць лёгкі марозік, ялінка, сімвалічныя героі і казачныя персанажы, тут жа вясёлыя госці свята з прыўзнятым настроем. А значыць, усё атрымаецца. Навагодняе дрэва сёння запальваем вясёлымі танцамі, дружнымі карагодамі і бенгальскімі агнямі. Увага, казка толькі пачынаецца!

Ірына Камарова з Дзятлава:

– Сёння да ялінкі мы прыйшлі з дачушкай Палінай, якая была адной з самых маленькіх удзельніц свята, і відаць адной з самых актыўных. Ёй усё здалося цікавым: на свяце было шмат дзяцей, казачных персанажаў, шмат музыкі і агеньчыкаў – усё, што трэба для дзіцяцай радасці. А калі рада дачушка, вядома, задаволена і мама. У надыходзячым годзе ўсім бацькам і іх дзецям жадаю моцнага здароўя, маленькіх і вялікіх нагодаў для свята і добрага настрою.

Воўк, Бабёр і ратаўнік-Мароз з Дзятлаўскага РАНС:

– Мы – супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Але сёння пераўвасобіліся ў герояў навучальнага мультсерыяла “Чароўная кніга”. З радасцю ўдзельнічаем у шэсці, весялімся разам з усімі і не забываем пра галоўнае: нагадаць дзецям і дарослым, што нават запальваць навагоднюю ялінку трэба бяспечна. Тады свята будзе радасным для ўсіх. Дзятлаўчанам жадаем шчаслівага бяспечнага новага года!

Сяброўкі Ірына і Дар’я:

– Дзе весела – там і мы. Сёння разам з усімі патанчылі каля ялінкі, якая ў гэтым годзе вельмі прыгожая, павадзілі карагоды, пачаставаліся прысмакамі, іх можна было набыць тут жа. Хутка школьныя канікулы і навагоднія святы. Няхай для ўсіх яны будуць вясёлымі і запамінальнымі.

Майстрыха Вольга Жыгала:

– Каб Новы год не прайшоў міма, трэба яго бавіць у кампаніі добрых сяброў. Сёння пад святочна прыбранай ялінкай сустрэліся людзі, якія даўно не бачыліся, седзячы ў дамах, катэрах і кабінетах, яны ўсміхнуліся адзін аднаму, ад душы павесяліліся. Я прыехала на свята не адна, прывезла свае работы – харызматычных Дзядоў Марозаў, абаяльных Снягурачак і іншых цікавых персанажаў, якія створаны спецыяльна на радасць людзям. У Навагоднія святы, якія ўжо стаяць на парозе, не забывайце дарыць блізкім і знаёмым сваю любоў і ўвагу, яны сагрэюць нават у зімовыя маразы.

Наталля АВЯРЧУК