Родная зямля – агульны клопат

Грамадства Свежыя навіны

Чарговым мерапрыемствам месячніка па навядзенні парадку на зямлі ў межах Года народнага адзінства на Дзятлаўшчыне стаў суботнік, у час якога работнікі арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра, прафсаюзныя актывісты прыбіралі на яўрэйскіх могілках.

Разам працавалі калектывы Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, лясгаса, Цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, жылкамунгаса.

Удзельнікі суботніка выграбалі сухую траву, выразалі голле, спілоўвалі і ўтылізавалі аварыйныя дрэвы.

Дзятлаўчане падзяліліся сваімі думкамі аб важнасці навядзення парадку на роднай зямлі.

Алена Якаўчык, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:

– Разам са сваім працоўным калектывам сёння наводзім парадак на яўрэйскіх могілках, бо родныя і сваякі людзей, пахаваных тут, жывуць далёка ад Беларусі. Гэтым мы ўшаноўваем памяць тых, хто некалі жыў у гэтых мясцінах. Мы актыўна ўдзельнічаем ва ўсіх добраахвотных мерапрыемствах па добраўпарадкаванні тэрыторыі нашага роднага Дзятлава, у тым ліку, прымеркаваных да Года народнага адзінства. Хочацца, каб у нашым горадзе быў парадак.

Алена Малько, інжынер па ахове працы Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”:

– Наш працоўны калектыў добраахвотна трымае “шэфства” над яўрэйскімі могілкамі ў Дзятлаве. Мы прыбіраем тут па меры таго, як гэта патрэбна, пяць разоў на год, а можа і часцей. Навядзеннем парадку займаюцца нашы работнікі: найперш гэта гаспадарчая брыгада, якая сістэматычна абкошвае тэрыторыю могілак, удзельнічаюць сыраробы, хто ў гэты час не на змене і жадае папрацаваць на карысць горада. Вывозім смецце сваімі сіламі на транспарце прадпрыемства.

На працягу месячніка па навядзенні парадку на зямлі, які праходзіць у нашым раёне з 15 кастрычніка па 15 лістапада, жыхары Дзятлаўшчыны зрабілі нямала добрых справаў для сваёй радзімы, сярод якіх прыбіранне паркаў і сквераў горада і раёна, пасадка дрэваў, навядзенне парадку на брацкіх магілах і помніках загінулым у Вялікай Айчыннай вайне, памятных месцах і культурных адметнасцях раёна. Таксама дзятлаўчане паклапаціліся аб парадку на ўласных прысядзібных участках і тэрыторыях побач з арганізацыямі, дзе яны працуюць.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: