Па Дзятлаве святочным шэсцем прайшлі Дзяды Марозы і казачныя персанажы

Галоўнае Культура і адпачынак

7 снежня на Дзятлаўшчыне быў дадзены старт навагоднім святочным мерапрыемствам.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ёлка раёна ў цэнтры Дзятлава запаліла свае агні.

Да галоўнай гераіні навагодніх святаў ад раённага Цэнтра культуры па вуліцах горада калонай прайшлі Дзяды Марозы, Снягурачкі, казачныя персанажы, якія прадстаўлялі розныя арганізацыі і прадпрыемствы раёна.

Сёлета да святочнай калоны далучыліся казачныя і мультыплікацыйныя персанажы з усіх установаў культуры раёна, а таксама ТАА “Ізакам”, Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный мир”, Новаяльнянская, Казлоўшчынская, Дварэцкая школы, сельгаспрадпрыемствы “Граніт-Агра” “Слава працы”, “Хвінявічы”, “Аграмілк”, “Дварэц-Агра”. На чале навагодняй калоны традыцыйна – духавы аркестр “Новаяльнянскія трубачы”, які падарыў дзятлаўчанам россып знаёмых навагодніх мелодый. Веснікаў Новага года на плошчы 17 Верасня сустракалі маленькія і дарослыя дзятлаўчане са сваімі сем’ямі.

 

Пад вясёлыя флэшмобы, стройнымі карагодамі прысутныя сустрэлі Дзеда Мароза і Снягурачку, якія прынеслі з сабою мех шчасця і абвясцілі: “Святам быць!”. Мерапрыемства прадоўжылася навагодняй дыскатэкай парам з Зімой і спадарыняй Мяцеліцай.

Не абышлося на свяце і без майстроў. Завіталі да ялінкі не толькі дзятлаўчане, але і госці з Гезгалаў, Навагрудка і Мастоў. На працягу ўсяго гуляння на плошчы працавалі гандлёвыя пляцоўкі, дзе можна было купіць сувеніры на любы густ.

Наталля АВЯРЧУК
Марыя ПАПОВА