Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека

З 26 кастрычніка па 1 лістапада 2020 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 84 паведамленні, 8 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 30 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 46 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 16 правапарушальнікаў, узбуджана cем крымінальных спраў.

Пайшоў у госці – жывым не вярнуўся

На жыхара адной з вёсак Дзятлаўскага раёна, 1978 года нараджэння, узбуджана крымінальная справа. Познім вечарам 25 кастрычніка ў сябе дома мужчына распіваў спіртное з аднавяскоўцам-пенсіянерам. Як нярэдка здараецца, паміж п’янымі людзьмі ўзнікла сварка. Гаспадар пачаў наносіць удары свайму госцю рукамі і нагамі па галаве і тулаве. Пенсіянер атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе пераломаў і крывападцёкаў, ад якіх памёр на месцы канфлікту. Негасціннага гаспадара чакае суд.

На сужыцеля з нажом

Цяжкае цялеснае пашкоджанне свайму беспрацоўнаму сужыцелю, 1973 года нараджэння, нанесла жыхарка аграгарадка нашага раёна. У час хатняй сваркі жанчына ў якасці самага важкага аргумента выкарыстала нож. Рану нанесла ў грудную клетку, пашкодзіла лёгкае. Мужчыну шпіталізавалі, сужыцелька паўстане перад судом.

Праз акно па чужую маёмасць

Жыхар адной з вёсак нашага раёна вырашыў палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт за чужы кошт. Праз акно ён залез у адзін з нежылых дамоў вёскі Лявонавічы. Набыткамі злодзея сталі камбінаваны электрафон, вінілавыя пласцінкі, электралічыльнік, чыгунная пліта. Урон, нанесены гаспадару дома, ацанілі ў 175 рублёў 85 капеек. На злодзея ўзбуджана крымінальная справа.

Цемра – сябар хуліганаў

Крымінальную справу за хуліганства на трох маладых людзей, 1997-1998 гадоў нараджэння, узбудзіў раённы аддзел Следчага камітэта. У адну з начэй на тэрыторыі санаторыя “Радон” пашкодзілі пяць ліхтароў вулічнага асвятлення, чым нанеслі ўласніку ўрон у памеры 200 рублёў.

“Пачысцілі” цэх па Навагрудскай

Вечарам 25 ліпеня 2020 года злодзеі “пагаспадарылі” ў непрацуючым вытворчым цэху Слонімскага завода жалезабетонных канструкцый, што па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве. Пасля візіту зламыснікаў зніклі чатыры металічныя кольцы, кампрэсар, два электрарухавікі, муфта, будаўнічая каска, шкіў на агульную суму 375 рублёў.

Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра нераскрыты крадзеж, паведаміць інфармацыю па нумары 102 або ўчастковаму інспектару міліцыі.

Ахвяра камп’ютарнага злодзея

Яшчэ адна наша зямлячка, жыхарка аграгарадка, стала ахвярай крадзяжу з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі. У абедзенны час 28 кастрычніка з яе картрткі ААТ “Беларусбанк” у сетцы Інтэрнэт невядомы зламыснік скраў 1335 рублёў 85 капеек.

Праваахоўнікі нагадваюць жыхарам раёна, што нікому нельга паведамляць рэквізіты сваіх банкаўскіх картак і асабістыя даныя.

Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup