Неабходны прадукты і лекі – тэлефануйце

Грамадства Свежыя навіны

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна аднавілі прыём заявак ад пажылых людзей для аказання дапамогі ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.

Аддзяленне дзённага знаходжання ў Казлоўшчыне пераведзена на рэжым поўнай ізаляцыі, работнікі працуюць вахтавым метадам.

Пра гэта карэспандэнтцы газеты “Перамога” расказала дырэктар установы Таццяна Нікіпорчык.

Паколькі ў час распаўсюджвання рэспіраторных інфекцый варта максімальна ўстрымлівацца ад наведвання людных месцаў, то як і раней, пажылыя і фізічна аслабленыя жыхары нашага раёна, нават калі яны не знаходзяцца на абслугоўванні ў сацыяльнага работніка, могуць звяртацца з просьбамі аб дапамозе па нумары гарачай лініі 2-67-83 у рабочыя дні з 8 да 17 гадзін. Дзяжурны прыме заказы і арганізуе іх дастаўку адрасатам.

Калі пенсіянер жыве не ў горадзе, а ў вёсцы, яго заказ даставіць сацыяльны работнік, які абслугоўвае пажылых грамадзян у гэтай зоне.

Актуальнай для людзей сталага ўзросту, якія маюць хранічныя захворванні, з’яўляецца паслуга выпіскі бясплатных рэцэптаў на лекі. Паколькі грошы ў гэтым выпадку не патрэбны, сацыяльны работнік можа адразу накіравацца ў паліклініку, выпісаць рэцэпт, атаварыць яго ў аптэцы і даставіць лекі заказчыку.

А вось пры заказе харчовых прадуктаў і рэчаў першай неабходнасці, хутчэй за ўсё, сацыяльны работнік прыйдзе да пажылога чалавека па грошы і спіс пакупак. Калі такой магчымасці не выдасца, то з заказчыкам падрабязна абмяркуюць асаблівыя пажаданні і суму, якую збіраецца патраціць пенсіянер.

Варта зазначыць, што ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання выпрацаваны і апрабаваны алгарытм работы ў час пандэміі. Работнікі ўстановы забяспечаны сродкамі абароны, прытрымліваюцца рабочых інструкцый. Кожная раніца ў Цэнтры пачынаецца з маніторынгу стану здароўя супрацоўнікаў: ва ўсіх вымяраецца тэмпература, вынікі заносяцца ў спецыяльны журнал уліку. Такія ж журналы заведзены для запісаў заказаў і пажаданняў, якія паступаюць ад пажылых жыхароў раёна. Дзясяткі нашых землякоў-пенсіянераў ужо карысталіся дапамогай сацыяльных работнікаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup