Аграгарадок Войневічы знаходзіцца амаль на паўднёвай мяжы Дзятлаўскага раёна, за 34 кіламетры ад райцэнтра.
Дарога да населенага пункта, якая пралягае праз палі, сенажаці і засень лясоў, дае час пераключыцца ад паўсядзённай мітусні, загледзецца праз акно аўтамабіля на хараство роднай прыроды, нарэшце прыехаць на зямлю колішніх ваяроў і сённяшніх аграрыяў.
Дзіўна, але факт!
Войневіцкі сельскі савет існуе больш за 60 гадоў. Дзесяцігоддзе таму да яго далучыліся 7 вёсак Раготнаўскага сельскага савета, і сёння тут 15 населеных пунктаў. Войневіцкая зямля поўная парадоксаў і цікавых супрацьлегласцяў. У самым вялікім населеным пункце, Горцы, жыве больш за 150 вяскоўцаў, ёсць нават новая і старая Горка, а вось у Петрашулевічах, на легендарнай зямлі Пятра, толькі адзін.
За здароўе жыхароў сельсавета адказваюць адразу чатыры медыцынскія падраздзяленні – фельчарска-акушэрскія пункты ў Горцы, Прудзе, Лядзінах і Войневічах. З другога боку, Войневіцкая сельская бібліятэка-клуб выконвае адразу дзве функцыі – асветніцкую і культурную. Войневіцкая сельская бібліятэка старэйшая за сельскі савет. Яна была заснавана ў 1948 годзе. Размяшчалася бібліятэка ў вясковым доме. Кніжны фонд яе спачатку складаў некалькі дзясяткаў кніг.
На тэрыторыі сельскага савета менш за 10 % насельніцтва – дзеці і моладзь, аднак тут жывуць аж восем шматдзетных сем’яў.
След Пятра і тракт старшыні
Як і ў любой мясцовасці, у Войневіцкім сельсавеце не абыходзяцца без сваіх легендаў і паданняў, якія беражліва сабрала і захоўвае мясцовая бібліятэка-клуб.
Кажуць, сама назва аграгарадка Войневічы паходзіць ад слова “ваяр”. Даўней на беларускай зямлі было даволі распаўсюджаным прозвішча Война.
Пра назвы яшчэ некаторых вёсак сельсавета яго жыхары распавядаюць цікавую гісторыю. Маўляў, даўным-даўно праз гэтыя мясціны ехаў Пётр І. На ўзгорку ён спыніўся, агледзеў усё навокал. Відаць, вельмі спадабалася яму ўбачанае. Цар кінуў на зямлю трохвуголку і сказаў: “Тут будуць тры вёскі”. І паказаў на тры вуглы. Войневічы, нібыта ад слова воіны. Петрашулевічы – школа Пятра (калі перавесці з нямецкага schule – гэта школа). Назва вёскі Харабровічы – значыць, храбрыя. Калі злажыць назвы ўсіх трох вёсак, атрымаецца “храбрыя воіны Пятра”. Гэтая легенда дажыла да нашых дзён.
Да старадаўніх тапанімічных паданняў дадаліся сучасныя, неафіцыйныя, але не менш цікавыя. Пераязджаючы з Горкі ў Ёцавічы па гравійнай дарозе разам са старшынёй Войневіцкага сельсавета Іванам Свібам, пачула ад яго, што шлях гэты ў народзе завецца Малікаў тракт. Ужо ў новым тысячагоддзі, з 2005 года, старшынёй калгаса “Войневічы” быў Васіль Маліка. На час яго кіраўніцтва прыйшлося аб’яднанне дзвюх гаспадарак – “Войневічы” і “Горка”. Каб скараціць маршруты для транспарту гаспадаркі, была адсыпана новая дарога. Сёння Малікавым трактам карыстаюцца не толькі аграрыі, але і жыхары сельсавета, успамінаючы добрым словам старшыню.
Горка – багаты край
Багаццем Войневіцкага сельсавета, ды і ўсёй Дзятлаўшчыны, з’яўляецца вёска Горка. Багатая гэтая мясцовасць сваёй гісторыяй, культурнай спадчынай і жыхарамі.
На паўднёвым усходзе вёскі захаваліся сляды старажытнага паселішча. На месцы, дзе жылі людзі, знаходзяць кавалкі керамікі.
Раней у вёсцы былі тры царквы. Адна з іх стаяла на гары. І на рэлігійныя святы людзі казалі адзін аднаму: “Пойдзем у царкву, што на гары”. Кажуць, адсюль і пайшла назва. Але найбольш папулярнае меркаванне пра назву Горка тое, што мясцовасць узгорыстая.
На ўсю Беларусь і за яе межамі Горка славіцца сваімі культурнымі адметнасцямі. Гэта Георгіеўская царква 19 стагоддзя – помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю, цудадзейныя валуны, жыватворная крынічка і каплічка, якую людзі адбудавалі самі пасля разбурэння.
На могілках у вёсцы Горка знаходзіцца камень-валун. Мясцовае насельніцтва лічыць гэты камень святым і цудадзейным. Існуе шмат паданняў аб тым, як пад гэтым каменем праехаў пан на тройцы коней і правёз з сабой сабак, якія страцілі зрок. Пасля гэтага зняважаны камень пачаў асядаць. Яшчэ некалі з гэтага каменя цякла вада, яна была лекавая. Калі камень пачаў асядаць, то пад ім утварылася невялікая адтуліна. У людзей існуе вера, што ўсе свае хваробы яны пакінуць пад гэтым каменем, калі пралезуць пад ім. Аднак апошнім часам рабіць гэта стала небяспечна з-за моцнай усадкі каменя.
У лесе на ўсход ад вёскі Горка размешчана крынічка. Людзі сталі лічыць яе святой, цудадзейнай, і каб яе вада не выцякала дарэмна ці каб яе не заваліў які-небудзь камень, вырашылі пабудаваць альтанку, а ў ёй калодзеж, у якім знаходзіцца вада. На калодзежы заўсёды стаіць кубачак для ўсіх жадаючых спаталіць смагу. Вада ў калодзежы мае незвычайны смак. Нават у спякотныя летнія дні яна халодная, а калі мароз, то яна здаецца цёплай. На царкоўныя святы сюды прыходзяць людзі і набіраюць ваду, каб асвяціць ёй свае дамы.
Чатыры сыночкі і красачка-дочка
У адным з калгасных дамоў, што ў Горцы, ніколі не бывае сумна. Бо тут жыве шматдзетная сям’я. У гаспадыні дома Таццяны Касцюк пяцёра дзяцей – чатыры сыны і малодшая дачка.
– Вельмі дзяўчынку хацела, – усміхаецца жанчына.
І распавядае сваю простую, кранальную гісторыю жыцця. Таццяна нарадзілася ў Казахстане. У 1997 годзе, калі з цаліны пачалі вяртацца перасяленцы, разам са сваёй сям’ёй пераехала ў Беларусь, на Дзятлаўшчыну, у дом бабулі і дзядулі. У школе ў Раготне вучылася ў старэйшых класах. Тут сустрэла сваё каханне. Разам з мужам, які працаваў галоўным спецыялістам у КСУП “Войневічы”, у 2001 годзе пераехала ў свой дом, які выдзеліла маладой сям’і гаспадарка. Нарадзіліся сыны – толькі жыві і радуйся! Але жыццё, сапраўды, падобнае да зебры. Так і ў Таццяніным лёсе светлая паласа змянілася на чорную. Моцна захварэў і памёр муж, пасля цяжкай хваробы атрымаў інваліднасць сын. Жанчына з сумам узгадвае пра той страшны год, і адразу ж пераключаецца на час сённяшні:
– Захар, раскажы пра брацікаў.
– Уладзік у нас паліцэйскі, а Ільюша ў школе вучыцца, – разважлівым тонам пачынае расказваць Захар.
Усмешка вяртаецца на матуліны вусны, і яна пачынае тлумачыць, хто ёсць хто ў сям’і Касцюкоў. Старэйшы сын Уладзіслаў закончыў трэці курс Магілёўскага інстытута МУС, Ілья – першы курс купалаўскага ўніверсітэта ў Гродне, дзе ён вучыцца на псіхолага. Захар і Макар – дзеці ад другога шлюбу, пагодкі. Адзін з іх скончыў першы клас, другі – хутка стане першакласнікам. Пакуль старэйшыя брацікі былі на вучобе, малодшыя дапамагалі матулі ў хатніх справах і ў выхаванні сястрычкі. Злата – самая маленькая і любімая ва ўсіх членаў сям’і Касцюкоў. Ёй нядаўна споўнілася тры гады, і дзяўчынку пакрысе пачалі прывучаць да наведвання садка. Злата, якая гадавалася разам з хлапчукамі, мае бойкі, шустры характар, а мама і брацікі даруюць усе свавольствы маленькай прынцэсе.
Школы ў Горцы ўжо няма, і вяскоўцы ездзяць на школьным аўтобусе на вучобу ў Раготна. Канікулы бавяць з бабуляй, якая жыве разам з імі ў доме. Асабліва любяць дапамагаць бабулі гатаваць. Сама Таццяна працуе на жывёлагадоўчым комплексе.
Матуля пецярых дзяцей, Таццяна Касцюк, узнагароджана ордэнам Маці.
– Пачэсна мець высокую дзяржаўную ўзнагароду, – кажа жанчына. – Але галоўная мая ўцеха, радасць і гонар – гэта дзеці. Бачу, як яны растуць, і радуюся.
Лепшы стараста ў сельсавеце
Так старшыня сельвыканкама характарызуе Івана Кунаша, жыхара вёскі Горка. Іван Мікалаевіч каля шасці гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але не пакідае актыўныя добрыя справы. Мужчыну ведаюць і паважаюць аднавяскоўцы. І ёсць за што паважаць! Сорак два гады ён працаваў вадзіцелем у калгасе “Горка”. За час працы давялося паездзіць на легкавым аўтамабілі, грузавіку, аўтобусе і нават самазвале.
За сумленную, адказную працу ён быў узнагароджаны ў 1987 годзе ордэнам Працоўнай славы III ступені і каштоўным падарункам – прыёмнікам “Акіян”.
Выдатнік на працы, Іван Кунаш да ўсяго мае гаспадарскі клапатлівы падыход – і да свайго дома, і да роднай вёскі. Ён нарадзіўся тут, у Горцы. Яшчэ ў школе вучыўся, калі побач са старой хатай бацькі справілі новую, ладную, каб узрасло тут не адно пакаленне. У родным калгасе Іван Мікалаевіч пазнаёміўся з будучай жонкай, якая працавала поварам. Спадабаліся адзін аднаму, пажаніліся, з таго дня заўжды разам. Тры гады таму адзначылі залатое вяселле. Чацвёра дзяцей – тры дачкі і сын – ужо дарослыя людзі, кожны пайшоў сваёй сцяжынай. Дачка і сын жывуць у Дзятлаве: яна працуе настаўніцай, ён – электрыкам. Яшчэ дзве дачкі працуюць дактарамі ў Слоніме.
– Ужо і ўнукі дарослыя, – з гонарам зазначае Іван Кунаш. – А мы засталіся ў вясковай хаце ўдваіх.
Аднак мужчына не скардзіцца. Хапае пакуль сіл справіцца па гаспадарцы і нават хатнюю жывёліну і птушку трымаць – курачак, свіней. А ўжо бульбу пасадзіць ці выкапаць дзеці прыязджаюць дапамагаць. Ды сёлета менш ездзілі, каб незнарок не прывезці бацькам небяспечнага каранавірусу.
– Бульбу як прыязджалі садзіць, нават у хату не зайшлі, – уздыхае гаспадар. – Берагуць наша здароўе. Але ж яны – медыкі, разумеюць, як правільна. Хвароба адыдзе, будуць часцей наведваць.
Нават дома Іван Кунаш ні дня – без справы: ёсць паўсядзённыя гаспадарскія клопаты. Таксама аднавяскоўцы нярэдка звяртаюцца з просьбамі да старасты: лямпачку памяняць, дапамагчы ў абкошванні падворка.
Сёлета з жыхарамі Горкі паставілі і ўпрыгожылі паклонныя крыжы, у мінулыя гады займаліся ўпарадкаваннем вясковых могілак.
– Калі клічу папрацаваць для вёскі, ніхто не адмаўляецца. Ды мала хто тут жыве цяпер, – кажа Іван Мікалаевіч. – На лета прыязджаюць, а на зімнія месяцы вяртаюцца ў горад да дзяцей.
Салома расцвітае ў руках
Алену Жылінскую ведаюць у Горцы як неардынарную гаспадыню і творчага чалавека. Яна валодае прыгожым традыцыйным рамяство саломапляцення. У гэтым майстэрстве жанчына знайшла сваю асаблівую нішу – яна стварае з саломкі незвычайнай прыгажосці кветкі.
Дваццаць гадоў Алена Леанідаўна ўзначальвала Горкаўскі дом культуры. З саломапляценнем пазнаёмілася на курсах павышэння кваліфікацыі. Але тады не хапала часу, каб дэталёва разабрацца ў справе.
Аднак няпростыя жыццёвыя абставіны “дапамаглі” жанчыне. На працягу пяці гадоў Алена Жылінская не працавала, даглядала матулю, якая хварэла. Акурат тады знайшоўся час на прагляд шматлікіх ролікаў у інтэрнэце, адточванне майстэрства. Праз інтэрнэт майстрыха ўсталявала сувязі з такімі ж апантанымі саломапляценнем людзьмі, даведалася сакрэты справы.
– Апошнім часам зусім няшмат пляту, але і цяпер не магу спакойна праехаць міма спелага пшанічнага ці жытнёвага поля, аж унутры трымціць. Трэба сабраць матэрыял да дажджу, каб не страціўся колер, – адзначае майстрыха. – Кожная салома па-свойму цікавая для пляцення. Я больш за ўсё люблю трыцікале, бо ў яго доўгае калена, а пшаніца – мяккая і зручная для пляцення.
Жанчына тлумачыць, што якасць вырабаў з саломкі вызначаецца ў тым ліку па іх колеры. У сваіх вырабах яна дасягнула прыгожага адцення, а затым нават пачала эксперыментаваць з прыроднымі фарбавальнікамі. Правільна выбельваць сыравіну навучылі таксама калегі па працы з іншых рэгіёнаў Беларусі.
Калі “набіла руку”, майстрыха стала ствараць з кветак букеты і нават цэлыя кампазіцыі. Уся сцэна мясцовага Дома культуры была аздоблена яе саламянымі кветкамі.
Алена Жылінская не раз удзельнічала ў выставах-продажах у час раённых і абласных святаў. Аднойчы на “Дажынках” з ёй здарылася прыемная нечаканасць:
– Для ўдзелу ў свяце я падрыхтавала цэлы вялізны букет сваіх кветак. Людзі цікавяцца імі, набываюць па адным і па некалькі. Я дастала з машыны кветкі… і нават не данесла іх да месца выставы. Усю маю работу адразу купілі госці свята з Расіі, так ім спадабаліся беларускія кветкі.
Алена Леанідаўна з вялікай цеплынёй расказвае пра саломапляценне. Па яе словах, яна можа стварыць букет з дзясяткаў кветак, і ўсе яны будуць розныя. Створаныя рукой майстрыхі кветкі – не толькі асалода для вачэй. Калі ў Дзятлаве праводзілі дабрачынныя выставы-продажы, жанчына з радасцю прадастаўляла свае кветкі для іх.
Саломапляценне павінна жыць, як і іншыя беларускія народныя заняткі. Жанчына беражліва перадавала сваё ўменне мясцовым дзецям у час пазашкольных заняткаў.
Ужо некаторы час жанчына на заслужаным адпачынку. Кажа, што пляце цяпер менш, але саломку ўсё адно нарыхтоўвае. Сваю творчую энергію Алена Жылінская накіравала ў іншае рэчышча – стварыла хараство на прысядзібным участку. Разам з мужам яны зладзілі на сваім падворку сапраўдную дзіцячую пляцоўку для ўнукаў, якія любяць гасцяваць у бабулі з дзядулем.
Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup