Угаварылі адкрыцца – цяпер не шкадую

Галоўнае Грамадства

Каб больш даведацца, як нашы землякі пачынаюць паспяховы бізнэс з субсідыі, карэспандэнтка газеты завітала ў майстэрню  па рамонце швейных і трыкатажных вырабаў “МариАнна”, якая працуе ў горадзе Дзятлаве, у будынку Дома быту, пагутарыла з яе заснавальніцай Марынай Нікіпорчык.

– Марына Іванаўна, як рашыліся на адкрыццё сваёй справы?

– Я больш за трыццаць гадоў адпрацавала ў Доме быту. Спачатку была краўцом жаночага лёгкага адзення, затым – старшым майстрам, галоўным тэхнолагам, ездзіла па камандзіроўках, ведала, з якімі арганізацыямі працаваць. Багаты прафесійны вопыт быў гарантам таго, што можна і самой паспрабаваць развівацца ў гэтым кірунку. А сітуацыя на рынку працы раёна складвалася неспрыяльная, неабходна было вырашаць, што рабіць далей.

І вось, 3 жніўня 2016 года я прыняла першых кліентаў. Напачатку вельмі перажывала, але быў жнівень, людзі рыхтавалі дзяцей да школы, заказаў было шмат.

– Наколькі вам дапамагла субсідыя?

– За яе я змагла набыць швейную машыну-авярлок – яна настолькі ж неабходная, як і асноўная, бо вырабы трэба не толькі падшываць, але і абкідваць. Яшчэ набыла фурнітуру, даводзілася даваць і рэкламу. Адным словам, субсідыя падтрымала мяне “на старце”, без яе было б вельмі складана.

– Якія паслугі цяпер прадастаўляе ваша майстэрня?

– Паслугі па рамонце адзення, пашыве гардзінных вырабаў (цюляў, штораў, фіранак), шыем і лёгкае жаночае адзенне. Яшчэ адзін від маёй дзейнасці – гандаль спадарожнымі таварамі: гэта тэкстыльныя вырабы, коўдры, падушкі, ручнікі, гандлюю і сувенірнай тэкстыльнай прадукцыяй. Пакупнікоў і кліентаў бывае нямала, асабліва перад святамі. Напрыклад, напярэдадні Вялікадня і Новага года людзі спяшаюцца абнавіць цюлі і шторы, у зімовы перыяд кліенты часта замаўляюць рамонт верхняга адзення, у жніўні – школьнага.

– Колькі ў вас наёмных работнікаў?

– У мяне працуе калега па цэху – Леакадзія Канстанцінаўна Крагельская. Раней яна рабіла ў маёй брыгадзе, мы выдатна ведаем адна адну. Наняць работніцу я змагла ўжо праз год пасля адкрыцця бізнэсу. Пашырацца далей не планую: горад у нас невялікі, і ўдваіх мы выдатна спраўляемся з аб’ёмамі заказаў.

– Ці ўпэўнена глядзіце ў заўтрашні дзень?

– Упэўнена. Я вельмі ўдзячна спецыялістам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама за тое, што ўгаварылі мяне адкрыцца, сама я сумнявалася. Цяпер не шкадую аб прынятым рашэнні: займаюся любімай справай, ёсць пастаянныя кліенты. Месца ў нас бойкае – цэнтр горада, людзі заходзяць, каб проста пацікавіцца, затым наведваюцца рэгулярна. Я стараюся пастаянна абнаўляць асартымент тавараў на продаж, сачу за тым, каб ён не паўтараўся, выбіраю толькі якасныя рэчы. Мае пакупнікі і заказчыкі гэта цэняць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup