У дзятлаўчан медалі і дыпломы “LETOSTAR-2020”

Грамадства Свежыя навіны

Нашы юныя землякі, навучэнцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, сталі лаўрэатамі конкурсу “LETOSTAR-2020”.

Гэта міжнародны дыстанцыйны рознажанравы конкурс, які ладзіўся ў горадзе Мінску з 25 мая па 10 ліпеня 2020 года. Удзел у ім прынялі больш за 400 юных талентаў з Беларусі, краінаў СНД і Еўрапейскага саюза.

Удзельнікі спрабавалі свае сілы ў некалькіх намінацыях: “Выяўленчае мастацтва”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Лепшае фота”, “Арыгінальны жанр”, “Вакал”, “Харэаграфія”, “Інструментальная музыка”, “Харавыя калектывы”, “Мастацкае слова”, “Тэатральная творчасць”, “Тэатр моды”, “Лепшая калекцыя адзення”, “Экалагічная мода”. Лаўрэатамі ў чатырох з іх сталі навучэнцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава.

Карына Гулецкая, наведвальніца аб’яднання па інтарэсах “Мастацтва рукадзелля” (педагог Алена Турчэнік) заваявала дыплом першай ступені ў намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. У намінацыі “Лепшае фота” дыпломам другой ступені адзначаны Павел Смірноў (педагог Ірына Мішчанка). Аляксандр Радзецкі (педагог Таццяна Ваніслаўчык) стаў лаўрэатам другой ступені ў намінацыі “Мастацкае слова”. Навучэнка аб’яднання па інтарэсах “ФОМ-фантазія” Надзея Губко (педагог Кацярына Губко) стала пераможцай намінацыі “Выяўленчае мастацтва” ва ўзроставай катэгорыі 13-17 гадоў і адзначана дыпломам першай ступені. Ульяна Яравая, наведвальніца гуртка “Творчасць” (педагог Анжэла Грыб), таксама стала ўладальніцай дыплома першай ступені за перамогу ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва”, але ўжо ва ўзроставай катэгорыі 7-9 гадоў.

Атрыманыя ўзнагароды – вынік доўгай і руплівай працы юных талентаў і іх педагогаў. Віншуем канкурсантаў з заслужанымі перамогамі, жадаем ім далейшых поспехаў.

Анжэла ГРЫБ,
загадчыца аддзела мастацкай творчасці ЦТДМ горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup