Наталля Калодка: “У культуры Дзятлаўшчыны з’явіўся свой твар”

Важнае Культура і адпачынак

2019 год прынёс у скарбонку Дзятлаўшчыны шэраг важкіх узнагарод.

Адна з іх – лідарства работнікаў культуры раёна ў штогадовым абласным спаборніцтве ў намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыяльна-культурным развіцці” ў сферы культуры. Аб складніках перамогі і рабоце культурнай сферы карэспандэнтцы газеты “Перамога” расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка.

– Сёння кожнага чалавека найперш хвалююць такія істотныя рэчы, як умовы працы і жыцця, дабрабыт яго сям’і, адукацыя дзяцей. Культура – духоўная “ежа” для чалавека, без якой ён таксама не можа жыць, як і без матэрыяльных дабротаў. Тое, што сёння прынята дзяржаўная праграма “Культура Беларусі”, гэта клопат пра чалавека, пра яго духоўнае развіццё. Існуючая на сёння сетка ўстановаў культуры дазваляе нам выконваць культурна-адукацыйныя паслугі. Па-першае, мы ўвесь час працуем над тым, каб культура была адкрытай, свабоднай і ў крокавай даступнасці да кожнага. Для гэтага ў нас функцыянуе сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва, які наведвае нават самыя аддаленыя вёскі раёна з канцэртамі. Па-другое, у сваёй працы культура раёна арыентуецца на розныя ўзроставыя катэгорыі насельніцтва, падбіраючы свае формы і метады работы для кожнай з іх. У культуры Дзятлаўшчыны з’явіўся свой твар, свае адметнасці і брэндавыя мерапрыемствы – “Дбайных людзей славім, весела час бавім”, “Зецельскі фэст”, фестываль роставых лялек. Такія падзеі чакаюць людзі і актыўна ўдзельнічаюць у іх. Мы зацікавілі дзятлаўчан і даказалі, што культурна бавіць час можна актыўна, а не толькі за праглядам канцэртаў. Акрамя таго, праз раённыя фестывалі і конкурсы прапагандуецца здаровы лад жыцця, сямейныя каштоўнасці, ідзе прафілактыка негатыўных праяваў у моладзевым асяроддзі. На маю думку, правядзенне культурных мерапрыемстваў у розных населеных пунктах раёна – гэта перспектыўны напрамак для развіцця культуры. Магчыма, у бліжэйшай будучыні запросім дзятлаўчан да ўдзелу ў новым цікавым праекце.

– З чаго складалася перамога ў штогадовым абласным спаборніцтве?

– Работа сферы культуры раёнаў ацэньвалася ўсебакова, па 15 крытэрыях. Сярод іх – выкананне плана пазабюджэтнай дзейнасці, колькасць і якасць мерапрыемстваў, наяўнасць у раёне калектываў са званнем “народны” і “заслужаны”, а таксама папаўненне бібліятэчных фондаў, ахоп дзяцей музычнай адукацыяй. Улічвалася арганізацыя работы па ахове працы, рост заработнай платы, замацаванне маладых спецыялістаў на працы. У падгрупе з 11 раёнаў Гродзенскай вобласці мы лідзіруем па пераважнай большасці пазіцый.

– На вашу думку, што дапамагае ўстановам культуры раёна працаваць эфектыўна?

– Мы не стаім на месцы і не спыняемся на дасягнутым. Работа ўстановаў культуры Дзятлаўшчыны рэгулярна абмяркоўваецца на савеце аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, дзе разам з калегамі мы ацэньваем поспехі, заўважаем недахопы ў рабоце, знаходзім метады іх выпраўлення, выяўляем патэнцыял, рэзервы  і напрамкі развіцця ўстановаў культуры і адукацыі раёна.

– Узгадайце самыя яркія культурныя падзеі і дасягненні мінулага года.

– Усе галіны культуры нашага раёна адзначыліся актыўнай, рэзультатыўнай работай. Па выніках 27-га  рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” Раклевіцкая сельская бібліятэка атрымала другую прэмію. Казлоўшчынская гарадская біблітэка перамагла ў пятым рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. З поспехам на Дзятлаўшчыне прайшоў трэці “Зецельскі фэст”, у якім узялі ўдзел 54 сям’і, а наведалі яго больш за 2,5 тысячы чалавек. 5 мая ў вёсцы Ахонава прайшоў штогадовы абрад “Юр’е”, які ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.  Не менш паспяхова быў рэалізаваны ўжо традыцыйны праект “Дбайных людзей славім, весела час бавім”, у які дадаліся святы жывёлавода, каравая, варэніка, ягад. На тэрыторыі раёна быў рэалізаваны тэматычны праект “75 дзён да Перамогі”, які ўключыў у сябе 55 мерапрыемстваў і акцый. Ён стаў пачаткам шэрагу мерапрыемстваў да гадавіны Вялікай Перамогі. Па выніках удзелу ў абласным конкурсе рэгіянальных строяў “Скарбніца моды Панямоння”  наш тэатр-студыя “Прымакі” стаў лаўрэатам другой ступені. Народны хор “Ветэраны ў страі” перамог у рэгіянальным конкурсе прыпевачнікаў. Па выніках удзелу ў 33-й міжнароднай сацыяльна-творчай праграме “У будучыню з надзеяй” дыпломам пераможцы адзначана дзіцячая цыркавая студыя “Марсі”. Клуб пажылых людзей “У коле сяброў” Дварэцкага дома культуры быў узнагароджаны дыпломам першай ступені па выніках абласнога агляду-конкурсу аматарскіх аб’яднанняў “Свет захапленняў”. Цяпер ідзе падрыхтоўка і збор матэрыялу для надання калектыву звання “народны”. Клуб пажылых людзей “Нам гады не бяда” сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва быў узнагароджаны дыпломам другой ступені. Традыцыйна высокія вынікі паказваюць навучэнцы дзіцячых школаў мастацтваў нашага раёна. За 2019 год – 64 прызавыя месцы на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Трое навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў у 2019 годзе былі прэміяваны са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі. Гэта Анастасія Салата, Аліцыя Харэвіч (рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва “Львёнок”), Анастасія Леўчанка (конкурс выяўленчага мастацтва “Свет маімі вачыма”)

– Развіццё духоўнай сферы немагчыма без матэрыяльнай базы. Што зроблена і прадугледжваецца ў гэтым напрамку?

– У 2019 годзе было зроблена нямала для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў культуры раёна. Летась мы распачалі капітальны рамонт у Вензавецкім  доме культуры, у дзвюх залах Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, зроблены частковы рамонт Войневіцкай сельскай бібліятэкі-клуба, рамонт даху Гезгалаўскага дома культуры. Устаноўлены сістэмы відэаназірання ў Гезгалаўскім, Раклевіцкім, Дварэцкім дамах культуры. Набылі мэблю і харэаграфічны станок для Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, закупілі музычнае абсталяванне і музычныя інструменты, камп’ютарную тэхніку. Набыта тры аўдыёгіды для гісторыка-краязнаўчага музея, якія будуць уведзены ў эксплуатацыю пасля рамонту.
У снежні 2019 года мы ўзгаднілі з Міністэрствам культуры дакументы на рэстаўрацыю алтара касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве.

– Сфера культуры раёна найперш пацярпела ад сёлетняй складанай эпідэміялагічнай сітуацыі. Як спраўляецеся?

– Сёлета даводзіцца быць мабільнымі і вынаходлівымі. Культурныя мерапрыемствы па-ранейшаму актыўна праводзяцца, аднак змяніўся іх фармат. Актыўна працуе наш ютуб-канал “Культура Дзятлаўшчыны” – плён працы ўсіх установаў культуры нашага раёна. Колькасць праглядаў і зваротная сувязь паказваюць, што ён карыстаецца папулярнасцю ў дзятлаўчан.

– Каму варта падзякаваць за высокі вынік?

– Перамога ў спаборніцтве – намаганні ўсіх падраздзяленняў культуры, адукацыі Дзятлаўскага раёна, як клубных установаў, так і бібліятэк, дзіцячых школ мастацтваў, Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Кожны ўнёс свой важкі ўклад. Дзякуючы зладжанай камандзе кіраўнікоў установаў і працоўных калектываў, мы змаглі падняцца на новую прыступку ў сваім развіцці.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup