У студатрадзе сумна не будзе

Галоўнае Грамадства

Так лічаць навучэнцы Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы, якія ў чэрвені-ліпені 2020 года працуюць на палетках КСУП “Жукоўшчына”.

Мясцовы студэнцкі атрад невялікі – усяго восем чалавек. Большасць з іх – выпускнікі школы, двое ідуць у дзявяты клас. Адпрацуюць студатрадаўцы ў гаспадарцы дзесяць дзён – менавіта столькі доўжыцца змена.

Мы засталі юнакоў і дзяўчат на бульбяным полі, дзе яны шчыруюць ужо трэці дзень. Пасля праполкі “другога хлеба” студатрадаўцаў накіруюць “на каласкі” – так па-простаму называюць відавую праполку зерневых і зернебабовых культур.

– Нашы маладыя работнікі вельмі стараюцца, – расказвае камандзір атрада, яна ж педагог Жукоўшчынскай школы Вольга Варган. – У студатрадзе дзеці першы раз, аднак пэўны вопыт працы ў іх ёсць. Наша школа рэгулярна дапамагае гаспадарцы на копцы бульбы, уборцы цукровых буракоў, нарыхтоўцы яблыкаў, іншых работах у пладовым садзе. Таксама мы ездзілі саджаць лес па запрашэнні Дзятлаўскага лясгаса. Старанні вучняў былі станоўча ацэнены.

Цяпер таксама імкнёмся не падвесці гаспадарку: кожны са студатрадаўцаў штодзень праполвае па шэсць радкоў бульбы, а яны даўжынёй каля пяцісот метраў. У нас нават вызначыліся свае перадавікі. Заўсёды наперадзе Раман Хрышчановіч, стараюцца не адставаць ад Ромы Карына Тадарэнка і Дар’я Балакір, а за імі бяруць бадзёры тэмп і астатнія маладыя работнікі. Варта адзначыць, што працоўнай камандзе ўласцівы узаемадапамога і ўзаемавыручка. Калі хто значна адстаў – сябры пяройдуць на радок і “падцягнуць”. Жадаю студатрадаўцам і надалей захоўваць баявы дух, старанне, жаданне працаваць, а ў прыроды прашу спрыяльных умоваў надвор’я для работы. Спадзяюся, напрыканцы змены наш атрад стане яшчэ больш дружным і згуртаваным.

Студатрадаўцы абяцаюць не падвесці камандзіра.

– Я спартсмен і змагар па натуры, – зазначае Раман Хрышчановіч, – не люблю быць апошнім, заўсёды імкнуся да перамогі, гэта праявілася і ў рабоце: на бульбяных радках я першы. Працую з задавальненнем. Нягледзячы, што гэта апошнія школьныя канікулы, вырашыў не сядзець летам дома, а запісацца ў студатрад.  Сёлета скончыў дзявяты клас, мяркую паступаць у Ліду на машыніста-механіка, люблю тэхніку, люблю пастаянны рух. Часу на адпачынак мне таксама хапае, яго найчасцей баўлю на стадыёне ці ў трэнажорнай зале.

– Рома не толькі спартсмен і старанны работнік, але і сябар з добрым пачуццём гумару, – уключаецца ў размову Карына Тадарэнка. – Увесь працоўны дзень ён падымае нам настрой, жартуе. Я прыйшла ў атрад, каб і на канікулах пабыць з сябрамі. Працаваць мне падабаецца. Дома я шмат дапамагаю маме, бо старэйшая ў шматдзетнай сям’і, дзе яшчэ гадуюцца трое маіх братоў і сястрычка. Заробленыя грошы мяркую патраціць на падрыхтоўку да школы, тым больш што ў першы клас ідзе брацік Мікіта. Хачу зрабіць яму які-небудзь карысны падарунак, каб захацелася вучыцца. Я перайшла ў дзявяты клас, наперадзе яшчэ год за партай. Праўда, і аб будучай прафесіі пачынаю задумвацца. Мару стаць медыцынскай сястрой, скончыць курсы масажу. Навучэнцам на летніх канікулах жадаю не ленавацца, а дапамагаць бацькам ці таксама запісвацца ў студэнцкія атрады.

Ірына КАЎКЕЛЬ