Павіншавалі Фёдара Шалеснага

Галоўнае Грамадства

Выплату аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да 75-годдзя Перамогі ветэранам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і людзям, якія пацярпелі ад яе наступстваў, пачалі ажыццяўляць у Беларусі з 1 красавіка 2020 года адпаведна Указу № 491 “Аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі”, падпісанаму Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 30 снежня 2019 года.

На Дзятлаўшчыне грашовую падтрымку да юбілейнай даты атрымаюць 34 чалавекі адпаведных катэгорый, сярод якіх тры ветэраны і два работнікі тылу.

2 красавіка віншаванні і грошы прымаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны з вёскі Лозкі Фёдар Шалесны. З пажаданнямі здароўя і даўгалецця, словамі шчырай удзячнасці за Вялікую Перамогу да Фёдара Васільевіча завіталі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка.

– Мы ўдзячны вам, Фёдар Васільевіч, за ваш ратны і працоўны подзвіг, – звярнуўся да ветэрана старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Вамі пройдзены сур’ёзны этап жыцця, які закрануў і ваенныя гады, і складаны перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі ў мірны час. Ваша біяграфія дастойная і сумленная. Дзякуем вам за ўсё, жадаем моцнага здароўя і даўгалецця.

Да віншаванняў старшыні райвыканкама з пажаданнямі адолець яшчэ і стогадовы “рубеж” жыцця далучылася Алена Васкель. Яна ўручыла Фёдару Шалеснаму кветкі і падарунак ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Шмат добрых словаў у адрас ветэрана і яго дачкі Тамары Кулік, якая даглядае бацьку, прагучала ад Вадзіма Бяляткі, які таксама прыехаў з падарункам. Старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама зазначыў, што дачка ветэрана займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Яна пераехала з Гродна бліжэй да бацькі, каб клапаціцца пра яго. А на Дзень Перамогі сям’я Шалесных ладзіць сапраўднае свята з салютамі, любавацца на якія прыходзяць і іншыя жыхары Лозак. Аб тым, што родныя з вялікай пашанай адносяцца да ваеннага мінулага ветэрана, сведчаць тэматычныя куткі ў яго доме і тое, што біяграфія Фёдара Васільевіча перадаецца ад пакалення да пакалення.

Фёдар Шалесны нарадзіўся 15 мая 1926 года ў Лозках, у сялянскай сям’і. Ваяваць хлопцу давялося з лістапада 1944 года. Трапіў ён на II Беларускі фронт у склад 163-га стралковага палка. Да канца вайны прабыў другім нумарам на зенітна-ракетнай устаноўцы. У 1945-ым удзельнічаў у Будапешцкай аперацыі па вызваленні Венгрыі. Пры вызваленні Будапешта быў паранены. Перамогу сустрэў у Ленінградзе.

У лістападзе 1945 года Фёдар Васільевіч вярнуўся ў родныя Лозкі, дзе пабудаваў хату недалёка ад бацькоўскай, стварыў уласную сям’ю. Разам з жонкай выгадавалі двух сыноў і дзве дачкі. У мірны час ветэран Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Баранавіцкім хімлесгасе: у лясах займаўся выбуховымі работамі. Пазней перавёўся ў Дзятлаўскі лясгас, у Вензавецкі дрэваапрацоўчы цэх, якому прысвяціў шмат гадоў сумленнай працы да выхаду на пенсію.

Фёдар Васільевіч узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне” і “Георгій Жукаў 1896-1996 гг.”, шматлікімі юбілейнымі медалямі.

Напрыканцы сустрэчы ветэрана павіншавалі яшчэ і работнікі пошты.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: