Пальмавая нядзеля ў Дзятлаве

Важнае Грамадства

Пятага красавіка ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве прайшла Урачыстасць Вербнай нядзелі – асвячэнне галінак вярбы.

Пальмавая нядзеля, або Вербніца, – гэта свята ў гонар уваходу Езуса Хрыста са сваімі вучнямі ў Іерусалім на вясновае свята Пасхі.

Апошнюю нядзелю Вялікага Посту называюць таксама Нядзеляй Пакуты Пана. Яна распачынае вялікі тыдзень, які заканчваецца ў Вялікдзень.

Ва ўсіх касцёлах Дзятлаўскага раёна з гэтай нагоды праходзяць урачыстыя набажэнствы.

Урачыстасць мае радасны характар, бо з яе пачынаецца літургічны ўспамін падзеяў, у якіх здзейснілася збаўленне свету.

Хрысціянскія таямніцы веры ўзаемна прасякаюць адна адну: хвала і радасць ствараюць непадзельную цэласнасць з цярпеннем, а яно, у сваю чаргу, прадвяшчае ўваскрасенне і збаўленне. Удзел у літургіі Пальмовай нядзелі азначае згоду вернікаў прыняць крыж і цярпенне з Хрыстом. Згоду ісці да жыцця не іншым, а менавіта гэтым шляхам — шляхам, які паказаў нам Збаўца.

Вольга ЮШКЕВІЧ