Свята рамеснікаў “Казюкі” распачынаецца ў Гродне

Да ведама грамадзян Свежыя навіны

Свята рамеснікаў у гонар Святога Казіміра насамрэч адзначаецца 4 сакавіка.

Раней менавіта з гэтага дня распачынаўся актыўны сезон рамес­най таргоўлі.

Апошнія гады, каб як мага больш ахвочых маглі трапіць на кірмаш, у Гродне ён ладзіцца ў выхадны дзень. Да таго ж менавіта ў суботу і нядзелю горад наведвае асабліва шмат турыстаў, якім таксама цікава наша свята.

Завітаць на кірмаш, падзівіцца майстэрству рамеснікаў ды набыць нешта сабе альбо ў падарунак запра­шаюць майстры 1 сакавіка. Сувеніры, цацкі, прадметы інтэр’еру, дэкор, упрыгожванні, аксэсуары, пачастункі – выбар абяцае быць багатым і разнастайным. Мяркуецца, удзел у “Казюках” возьмуць майстры не толькі з усёй Беларусі, але і суседніх краін. Кожны прадставіць вырабы ў сваёй адметнай тэхніцы і кірунку. Будуць як рамёствы, распаўсюджаныя ў нашых продкаў, так і сучасныя кірункі. Для ахвочых – майстар-класы.

Па традыцыі пакупнікоў плануюць пачаставаць адметным напоем “Казюкоўкай”, польскімі пончыкамі і гарбатай з зёлак. Таксама госці ста­нуць сведкамі традыцыйнага абраду прымання ў гільдыю рамеснікаў ма­ладога майстра. Яго вырабы ацэняць знатныя майстры горада. Атрымае пачынальнік лыжкай па руцэ, што значыць “прыняты”, ці па лбе, пабачым на свяце.

– Таксама ў гэтым годзе ўпершыню пакажам абрад, які быў распаўсюджаны ў нашых продкаў. Гэта “брама поспе­ху”. Кажуць, калі прайсці праз адметныя вароты, шанца­ваць у справах і таргоўлі будзе ўвесь год, – распавёў памочнік рэжысёра свята Ігар Нікулін. – “Вернецца” ў Гродна Святы Казімір, каб павіншаваць рамеснікаў і гасцей са святам.

Добры настрой і самабытную атмас­феру “Казюкоў” будуць ствараць на­родныя калектывы Гродна і Польшчы.

Кірмаш пачне працаваць з 10 гадзін, урачыстае адкрыццё запланавана на 12.00. І увага: “Казюкі” пройдуць на новым месцы – на плошчы Леніна.

grodnonews.by

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup