Прадукты і лекі з дастаўкай на дом

Важнае Грамадства

Пажылых грамадзян нашай краіны і інвалідаў просяць па магчымасці ўстрымацца ад наведвання месцаў масавага збору людзей.

Паколькі хадзіць самім у магазіны, аптэкі, іншыя людныя месцы ім не рэкамендавана, то на дапамогу павінны прыйсці валанцёры і сацыяльныя работнікі. “Раёнка” падрыхтавала інфармацыю з тлумачэннямі, куды можна тэлефанаваць з просьбай даставіць пакупкі, а таксама даведаліся, якая падтрымка аказваецца нашым пажылым землякам.

Таццяна Нікіпорчык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна:

– У рабочыя дні ў нашым Цэнтры працуюць тэлефоны 6-11-84, 2-71-54. Па гэтых нумарах пажылыя людзі могуць заказаць харчовыя прадукты, лекі і прадметы першай неабходнасці, якія змогуць самі аплаціць, а іх пакупку і дастаўку ажыццявяць сацыяльныя работнікі ці валанцёры. У выхадныя дні ў нашай установе працуе аналагічная гарачая тэлефонная лінія 2-67-83. Дзяжурны прыме заказы і арганізуе іх дастаўку адрасатам.

Падрабязныя інструкцыі атрымалі ўсе нашы сацыяльныя работнікі і сядзелкі. Акрамя пажылых людзей і інвалідаў, якія знаходяцца на іх абслугоўванні, гэтыя работнікі будуць наведваць пажылых грамадзян у зоне свайго абслугоўвання і прапаноўваць ім дапамогу па дастаўцы тавараў. Падобныя заданні дадзены і атрымальнікам дапамогі па доглядзе інвалідаў першай групы. Яны таксама не адмовяць у дапамозе і даставяць неабходныя прадукты і лекі сваім пажылым суседзям.

Алгарытм работы з заказамі даволі просты. Калі нам паступае тэлефонны званок, мы перадаём неабходную інфармацыю сацыяльнаму работніку ў зону абслугоўвання адрасата. Калі ж заказ паступае ад пажылога жыхара ці інваліда з райцэнтра, яго можа выканаць любы работнік нашай установы, які працуе ў Дзятлаве. Нашы спецыялісты і самі тэлефануюць пажылым людзям з прапановамі дапамагчы ў пакупцы ўсяго неабходнага.

Адначасова мы распрацавалі прафілактычныя лістоўкі-памяткі для пажылых грамадзян, у якіх патлумачылі неабходныя меры бяспекі і асабістай гігіены, а таксама заклікалі іх заставацца дома, займацца прыемнымі справамі. У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання часова абмежавана наведванне аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей “Нам гады не бяда” і аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык”. Падобныя меры прыняты ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў у Казлоўшчыне, доме і кватэры сумеснага самастойнага пражывання аграгарадка Гезгалы. З іх насельнікамі праведзены прафілактычныя гутаркі і інструктажы па правілах гігіены, установы забяспечаны сродкамі для апрацоўкі рук і бытавой хіміяй.

Многія работнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з’яўляюцца членамі грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі саюз жанчын” і “Таварыства Чырвонага Крыжа”. Яны актыўна ўключыліся ў валанцёрскую дзейнасць і гатовы дапамагчы пажылым людзям і інвалідам у час складанай эпідэміялагічнай сітуацыі.

Кацярына Хілімончык, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”:

– У раённым камітэце ГА “БРСМ” па буднях з 9 да 18 гадзін працуе гарачая тэлефонная лінія 2-52-61. Наш спецыяліст тлумачыць пажылым людзям, куды і на якія нумары яны могуць звяртацца па інфармацыю аб захворванні або з просьбамі аб дапамозе. Акрамя кансультацыйнай дапамогі, аказваем і рэальную. Валанцёры БРСМ пры неабходнасці сумесна з сацыяльнымі работнікамі будуць арганізоўваць дастаўку пажылым людзям і інвалідам прадуктаў, лекаў і тавараў першай неабходнасці за грошы заказчыкаў.

Галіна Касцюк, старшыня раённай арганізацыі ГА “Таварыства Чырвонага Крыжа”:

– Мы раздаём людзям памяткі з нумарамі тэлефонаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, таксама нашы валанцёры дапамагаюць сацыяльным работнікам у дастаўцы заказаў. Актыўна тлумачым жыхарам раёна, як засцерагчыся ад хваробы. Паколькі я яшчэ і загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян, то часта па тэлефоне цікаўлюся ў наведвальнікаў аддзялення станам здароўя. Калі неабходна, прапаноўваю дапамогу ў пакупцы лекаў і прадуктаў.

Пажылыя людзі, як і іншыя жыхары нашага раёна, могуць скарыстацца Е-дастаўкай магазіна “Еўраопт”, аднак сума мінімальнага заказа пры гэтым павінна складаць не менш за 35 беларускіх рублёў. Падрабязна аб правілах і ўмовах работы Е-дастаўкі можна даведацца на сайце e-dostavka.by.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup