Як спыняюць распаўсюджванне наркотыкаў?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Наш раён з’яўляецца адносна спакойным: праблема з распаўсюджваннем наркотыкаў і псіхатропных рэчываў не стаіць так востра, як у іншых рэгіёнах.

Але сітуацыю трэба трымаць пад пільнай увагай. Чаму? Карэспандэнтцы газеты расказаў старшы оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Валерый Бароўскі.

– Па суседстве з нашым раёнам знаходзяцца неспакойныя Лідчына і Слонімшчына, недалёка Брэсцкая вобласць, значыць, наркотыкі “транзітам” могуць трапляць і да нас, здараецца, што з іншых рэгіёнаў іх прывозяць студэнты і навучэнцы. Задача міліцыі – папярэджваць такія з’явы.

У 2019 годзе на Дзятлаўшчыне выяўлена адно злачынства, звязанае з захоўваннем наркатычных сродкаў. Нагадаю, што пакаранні за “наркатычныя” злачынствы – самыя жорсткія, і суд звычайна надоўга накіроўвае вінаватага за краты: максімальны тэрмін зняволення да 25 гадоў.

Як паказвае практыка, найчасцей грамадзяне нашай краіны ўжываюць наркатычныя рэчывы расліннага паходжання, вырабленыя з маку і канопляў. Таму каторы год запар з 1 чэрвеня па 15 верасня на тэрыторыі Беларусі, і Дзятлаўшчыны ў прыватнасці, праводзіцца спецыяльная праграма “Мак” па знішчэнні небяспечнай расліннай сыравіны. Гаспадароў, на ўчастках якіх праваахоўнікі знаходзяць наркаўтрымліваючыя расліны, прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці. Летась такіх было дзесяць чалавек.

Таксама кожны год рэалізоўваецца спецыяльная праграма “Допінг”. Яна скіравана на папярэджанне і раскрыццё злачынстваў, звязаных з паступленнем у незаконны абарот лекавых сродкаў, якія ўтрымліваюць наркатычныя і псіхатропныя рэчывы, а таксама псіхатропных рэчываў, вырабленых з такіх прэпаратаў у хатніх умовах ці падпольных лабараторыях. У 2019 годзе пры правядзенні мерапрыемстваў у рамках праграмы “Допінг” злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў па лініі наркакантролю ў раёне не было зарэгістравана.

Міліцыя Дзятлаўшчыны і іншыя зацікаўленыя структуры соцыуму вядуць прафілактычную работу сярод моладзі і старэйшага пакалення, прапагандуюць здаровы лад жыцця. Важная місія ў прафілактыцы шкодных залежнасцяў ускладзена на педагогаў і бацькоў. На жаль, у нашым раёне сёлета ўжо выяўлены адзін факт збыту наркотыкаў непаўналетнім дзятлаўчанінам. Каб пазбегнуць падобнага ў далейшым, мы павінны клапаціцца аб фарміраванні ў дзяцей і моладзі здаровых захапленняў і інтарэсаў. Таксама неабходна цвёрда ўсвядоміць, што слабых і лёгкіх наркотыкаў не бывае.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup