Справаздачы. Лічбы адлюстравалі стан эканомікі раёна

Важнае Свежыя навіны Улада

Са справаздачамі пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Дзятлаўскага раёна ў 2019 годзе выступілі прадстаўнікі раённай вертыкалі улады.

Старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік сустрэўся з калектывам Дзятлаўскай сельгастэхнікі.

У сваім выступленні Аляксандр Міхайлавіч адзначыў, што па выніках 2019 года выкананы шэраг ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы галінаў эканомікі раёна. Напрыклад, на 114,6 % пры прагнозных 101,1 % выкананы гадавы паказчык па экспарце тавараў. Асноўны ўнёсак (70 % у агульным аб’ёме экспарту) зрабіў сыраробны завод. “З прыростам” выкананы паказчыкі па індэксе росту намінальнай сярэднямесячнай заработнай платы і намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаце (заданне – 752 рублі, выйшлі на 793,5 рубля). Паспяхова спрацавалі ў сферы садзейнічання занятасці насельніцтва. На 386 % да даведзенага задання справіліся з выкананнем паказчыка па экспарце тавараў у Еўрапейскі саюз, які значна ўплывае на стан эканомікі раёна.

З некаторымі планавымі заданнямі Дзятлаўшчына справілася не ў поўным аб’ёме. Напрыклад, на 101 % выканалі заданне па экспарце паслуг, але не дасягнулі прагнозных 107,1 %. Прычына – зніжэнне паказчыкаў у санаторыя “Альфа Радон” з-за павелічэння кошту пуцёвак і памяншэння замежных адпачывальнікаў. У 2020 годзе план збіраемся выканаць за кошт павелічэння колькасці адпачывальнікаў пасля будаўніцтва новага корпуса санаторыя “Радон” і нарошчвання аб’ёмаў паслуг санаторыем “Альфа Радон”.

Не ў поўным аб’ёме Дзятлаўшчына справілася з асваеннем прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, бо не ўдалося ўвесці ў эксплуатацыю з-за аб’ектыўных прычын прадпрыемства з польскім капіталам ТАА “Белсолес”. Гэту работу плануецца завяршыць у першым квартале 2020 года.

Нарасцілі аб’ём вытворчасці прадукцыі ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”. З нізкімі тэмпамі з-за недахопу сыравіны працаваў ААТ “Дварэцкі льнозавод”, цяпер нарыхтаваны неабходны аб’ём лёну, прадпрыемства павінна выйсці на планавыя лічбы. Крыху не дасягнуў запланаванага сыраробны завод, дзе сёлета адбылася рэарганізацыя ў Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”. Наладжаны дадатковыя пастаўкі малака на прадпрыемства са Шчучыншчыны і Слонімшчыны, чакаецца выпраўленне сітуацыі. Дзятлаўскае РУП ЖКГ не дабрала выручкі з-за цёплай зімы. Ніжэй за план спрацавалі ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, ТАА “Ізакам”, ДРБУ-119. У 2020 годзе прадпрыемствы збіраюцца палепшыць паказчыкі.

Леташні аб’ём рознічнага тавараабароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі па раёне склаў 101,1 % пры заданні ў 105,5 %. Невыкананне звязана са зніжэннем тавараабароту “Еўраоптам” і невысокім ростам тавараабароту спажыўкааперацыі. Паказчык будзе выкананы за кошт уводу двух новых магазінаў у райцэнтры – ТАА “Санта Рытэйл” і “Дабраном”.

Тэмп росту валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях склаў 113,6 %. Гэта трэці вынік у Гродзенскай вобласці, але Дзятлаўшчына брала на сябе абавязак у 116,9 %. На зніжэнне паказчыка паўплывала летняя засуха. Аднак у параўнанні з 2018 годам павялічыўся валавы збор збожжавых і зернебабовых культур, рапсу, бульбы, цукровых буракоў, ільновалакна. Вытворчасць малака ў параўнанні з папярэднім годам склала 101,7%, прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы – 102 %, свіней – 161,1 %. Прычынай нізкіх сярэднясутачных прывагаў у некаторых гаспадарках быў недастатковы ўзровень кармлення маладняку ​​буйной рагатай жывёлы са студзеня па чэрвень з-за недахопу травяністых і канцэнтраваных кармоў. У 2020 годзе тэмп росту валавой сельскагаспадарчай прадукцыі павінен скласці 109,3 %, у тым ліку ў жывёлагадоўлі – 105 %, у раслінаводстве – 113 %.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: