Абласны семінар праходзіў на Дзятлаўшчыне

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

5 лютага на базе сельскіх гаспадарак Дзятлаўскага, Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў адбыўся абласны семінар-нарада па тэме: “Навядзенне парадку на сельскагаспадарчых аб’ектах”.

У выязным мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты абласных службаў і арганізацый, кіраўнікі раённых выканаўчых камітэтаў, начальнікі райсельгасупраўленняў, спецыялісты дзяржінспекцый па насенняводстве, каранціне і абароне раслін, кіраўнікі раённых сельгасарганізацый, зацікаўленыя прадстаўнікі АПК вобласці.

Узначаліў семінар-нараду першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Дзмітрый Кадргулаў.

У аснове выязнога аглядавага мерапрыемства былі пытанні навядзення і падтрымання парадку на сельскагаспадарчых аб’ектах, тэрыторыях машынных двароў і іншых падведамасных сельгаспрадпрыемствам тэрыторыях, правільнасці захоўвання пасяўнога матэрыялу і мінеральных угнаенняў. Акрамя гэтага, пільная ўвага надавалася арганізацыі і стварэнню спрыяльных умоў для працы людзей у мехмайстэрнях, арганізацыі захоўвання сельгастэхнікі і іншых матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцяў.

На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна працавалі некалькі рабочых груп. Удзельнікі семінара-нарады  наведалі машынныя двары і мехмайстэрні,  збожжасховішчы і фуражныя склады, склады мінеральных угнаенняў. Прааналізавалі  арганізацыю і  ўмовы захоўвання мінеральных угнаенняў і насеннага матэрыялу, ацанілі работу па захоўванні і падрыхтоўцы сельгастэхнікі да вясновых палявых работ.

Удзельнікі першай аглядавай групы на чале з першым намеснікам старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Дзмітрыем Кадргулавым наведалі шэраг сельскагаспадарчых аб’ектаў, размешчаных  на тэрыторыях КСУП “Хвінявічы”, “Войневічы”, “Вензавец”.

У цэнтры ўвагі другой рабочай групы былі сельскагаспадарчыя аб’екты, размешчаныя на тэрыторыях ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Дварэц-Агра”, “Жукоўшчына”, “Русь-Агра” і “Белагурна”.

Удзельнікі выязнога мерапрыемства адзначылі, што падрыхтоўка да вясновых палявых работ: рамонт і набыццё тэхнікі, наяўнасць мінеральных угнаенняў, належны догляд складскіх памяшканняў і якасная падрыхтоўка насеннага матэрыялу – знаходзіцца пад асаблівай увагай. У ходзе арганізацыі работ на любым  з аграрных этапаў не можа быць дробязяў – неабходна, каб і тэхніка была гатовая, і насенне адпавядала высокай якасці.  У сувязі з гэтым, пытанні навядзення парадку ў структурных падраздзяленнях і аб’ектах гаспадарак, стварэнне належных умоў для працы людзей па-ранейшаму застаюцца пастаянным прадметам для абмеркавання і кантролю. Мэта семінара – прааналізаваць гэтыя пытанні, указаць на тыя ці іншыя недахопы для своечасовай іх ліквідацыі.

Падвядзенне вынікаў абласнога семінара-нарады па навядзенні парадку на тэрыторыях сельскагаспадарчых аб’ектаў адбылося ў зале Навагрудскага цэнтра культуры і творчасці. У ходзе пасяджэння  была дадзена адпаведная ацэнка працы кожнаму раёну і кожнай гаспадарцы вобласці, а таксама рабоце раённых інжынерных і агранамічных службаў, вызначаны і акрэслены тэрміны для ліквідацыі наяўных недахопаў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup