Слава табе, хлебароб!

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

На ўрачыстай цырымоніі-шанаванні перадавікоў аграпрамысловага комплексу “Слава табе, хлебароб!”, якая праходзіла ў абноўленым да “Дажынак” Смаргоньскім доме культуры, старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў падзякаваў працаўнікам сельскай гаспадаркі за старанную працу.

Ён зазначыў, што ў земляробаў, нягледзячы на ўсе капрызы надвор’я, добры “каравай” – каля 1,5 мільёна тон зерня, а гэта — па паўтары тоны на кожнага жыхара Гродзеншчыны.

У рэгіёне сабралі добры ўраджай цукровых буракоў – 1,7 мільёна тон пры сярэдняй ураджайнасці 533 цэнтнера з гектара. А некаторыя перадавыя гаспадаркі, як, да прыкладу, СВК “Свіслач”, мелі 1000 цэнтнераў з гектара.

Вырашчаны добры рапс: атрымана 160 тысяч тон пры ўраджайнасці каля 30 цэнтнераў з гектара. На рахунку гродзенцаў – 25 тысяч тон льнотрасты, а гэта – гарантыя стабільнай працы льнозаводаў нашай вобласці.

За усімі гэтымі дасягненямі – людзі. Простыя хлебаробы, працаўнікі жывёлагадоўлі, прадстаўнікі іншых прафесій, якія сваёй працай дапамаглі дасягнуць такіх вынікаў. І традыцыйна на фестывалі – кірмашы ўшанаваны лепшыя працаўнікі.

 

Былі ўручаны граматы і прэміі калектывам-лідарам, лепшым працаўнікам Гродзеншчыны.

Сярод тых, хто атрымаў заслужаныя ўзнагароды, ёсць дзятлаўчане. Так, граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь адзначаны Павел Сухецкі (КСУП “Войневічы”), граматайМіністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання – Юлія Лабейка (ААТ “Граніт-Агра”), граматай Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта – Таццяна Гарошка ( КСУП “Хвінявічы”), граматай абласнога Савета дэпутатаў – Марыя Ціхан (упраўленне сельскай гаспадаркі), граматай абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК – Тэрэса Калодка ( КСУП “Жукоўшчына”).

У спаборніцве па жывёлагадоўлі адзначаны ААТ “Граніт-Агра” і віншаванні з узнагародай прымаў прадстаўнік гаспадаркі – галоўны заатэхнік Яўген Дворык.

 

Ірына СКРУНДЗЬ
Фота «ГП»