Дзень Жукоўшчынскага сельскага савета

Важнае Улада

Пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага з удзелам старшыняў сельвыканкамаў прайшла сустрэча з парадкам дня “Аб рабоце Жукоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы і добраўпарадкавання населеных пунктаў”.

Старшыня сельвыканкама Валерый Верамейчык расказаў, што Жукоўшчынскі сельсавет займае 161 квадратны кіламетр, тут размешчаны 18 сельскіх населеных пунктаў, дзе жывуць 2092 чалавекі, з якіх 1249 – працаздольныя, 596 – пенсіянеры і 247 – дзеці. Самымі буйнымі з’яўляюцца аграгарадкі Гезгалы (1287 жыхароў) і Жукоўшчына (370), вёска Погіры (90). Менш за 5 жыхароў у вёсцы Коскі, нікога – у Глушыцы і Пецюках. Сёлета на тэрыторыі сельсавета нарадзіліся 6 дзяцей, памерлі – 24 жыхары.

У Жукоўшчынскі сельскі Савет абрана 14 дэпутатаў, яго рабочы орган, выканаўчы камітэт, складаюць 7 чалавек, за кожным з якіх замацавана пэўная сфера дзейнасці.

З буйных прадпрыемстваў працуюць КСУП “Жукоўшчына” і Гезгалаўскае лясніцтва. Ёсць 2 пункты паштовай сувязі, 9 магазінаў, комплексна-прыёмны пункт, сельская бібліятэка-клуб, Гезгалаўскі дом культуры, ФАП, амбулаторыя, бальніца сястрынскага догляду, дом сумеснага самастойнага пражывання, філіял Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, Дом рамёстваў, ЖРЭУ, філіял ААТ “ААБ Беларусбанк”, кафэ-бар, кафетэрый, праваслаўная царква ў вёсцы Нагародавічы.

Ва ўстановах адукацыі вучацца і выхоўваюцца 196 непаўналетніх: 30 – у Гезгалаўскім дзіцячым садзе, 44 – у Жукоўшчынскай базавай школе, 122 – у Гезгалаўскай сярэдняй школе.

Адным з вядучых кірункаў дзейнасці Жукоўшчынскага сельвыканкама з’яўляецца сацыяльная абарона насельніцтва. Сярод пенсіянераў сельсавета 31 адзінокі і 326, якія жывуць адзінока. На надомным абслугоўванні знаходзіцца 67 чалавек з 9 населеных пунктаў, з якімі працуюць 12 сацыяльных работнікаў.

Шмат увагі надаецца добраўпарадкаванню населеных пунктаў і навядзенню парадку на зямлі. У вёсцы Гезгалы пачалі функцыянаваць новыя могілкі, на якія затрачана больш за 300 тысяч рублёў. Вядзецца работа з пустуючымі дамамі: у 2022 годзе іх знесена 5, у севазварот уцягнута 0,25 гектара зямлі. У рэгістр пустуючых уключаны 30 дамоў, сярод якіх рашэннем суда сёлета прызнаны безгаспадарнымі і перададзены сельвыканкаму – 7. Рэгулярна ў населеных пунктах ажыццяўляюцца абкошванне, ліквідацыя стыхійных звалак, падтрыманне парадку на могілках. Летась на вясковых могілках у Бандарах выдалены ўсе дрэвы, грашовыя сродкі былі сабраны жыхарамі. Цяпер усе могілкі сельсавета, за выключэннем новых, перададзены на баланс Дзятлаўскага РУП ЖКГ. Перадача новых адбудзецца пасля рэгістрацыі тэхпашпарта ў БТІ.

За арганізацыямі сельсавета для падтрымання парадку замацаваны памятныя знакі ў вёсках Погіры і Страла, аграгарадку Гезгалы, ажыццяўляецца будаўніцтва памятнага праваслаўнага знака ў Жукоўшчыне.

У вырашэнні пытанняў цеснае супрацоўніцтва наладжана з кіраўніцтвам арганізацый і ўстановаў сельсавета, разам з тым сёлета не ўдалося пазбегнуць пажараў, іх, нягледзячы на работу аглядавай камісіі, з пачатку года ў жылым сектары адбылося 4, загінулі 3 чалавекі. Таксама неабходна паскорыць работу па зносе пустуючых дамоў і ўключэнні вызваленых земляў у севазварот.

Пасля справаздачы, каб не быць галаслоўным, Валерый Верамейчык заклікаў удзельнікаў Дня сельсавета наведаць аб’екты добраўпарадкавання і даведацца, якая работа там праводзіцца. Прысутныя пабывалі ў магазіне аграгарадка Жукоўшчына, дзе быў прадстаўлены шырокі асартымент усіх запатрабаваных груп тавараў. У пладовым садзе КСУП “Жукоўшчына” даведаліся, што пасадкі амалоджаны на 28 гектарах, ужо пладаносяць 16, рэнтабельнасць складае да 70 %, вырошчваюцца пераважна ўстойлівыя познія гатункі “Алеся” і “Сябрына”, ёсць “Іманд”, “Айдарэд”, “Антэй”. Аб рабоце Гезгалаўскай сярэдняй школы расказаў яе дырэктар, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, кіраўнік з самым важкім у раёне стажам у сферы адукацыі Эдуард Ненартовіч. Ён зазначыў, што сёлета ўстанова святкуе свой юбілей, яна падрыхтавана да новага навучальнага года, тут ёсць вучні, якімі ганарацца, працуе цікавы музей гісторыі ваеннага гарадка войскаў стратэгічнага прызначэння, ужо распрацаваны праект па яго пашырэнні, бо адкрываюцца ўсё новыя экспазіцыі па розных кірунках. Наступнай наведалі бальніцу сястрынскага догляду, дзе старшая медсястра Людміла Балабанская расказала, што на сёння ва ўстанове знаходзяцца 28 чалавек ва ўзросце ад 64 да 96 гадоў, пераважна інваліды І-ІІ груп. На новых могілках у Гезгалах было агучана, што іх будаўніцтва адбывалася за кошт сродкаў інвестпраграмы, тут устаноўлена бетонная агароджа, з розных бакоў на тэрыторыі для зручнасці абсталяваны дзве вялікія пляцоўкі для смецця са змястоўнымі кантэйнерамі, ёсць вялікая аўтамабільная стаянка. У вёсцы Нясілавічы цікава было пабачыць, як сіламі дачнікаў, якія набываюць старыя дамы ў гэтым маляўнічым куточку, паступова адбываецца добраўпарадкаванне гэтага населенага пункта.

Вынікі Дня сельсавета падвёў Аляксандр Бараноўскі. Ён падкрэсліў, што падобныя мерапрыемствы спрыяюць актывізацыі работы на месцах, супрацоўніцтву з насельніцтвам, дазваляюць абменьвацца вопытам па вырашэнні праблемных пытанняў. Напрыклад, цяпер акцэнты былі зроблены на тым, што, нягледзячы на перадачу могілак на баланс РУП ЖКГ, сельвыканкамам па-ранейшаму варта сачыць за парадкам на іх і не дапускаць назапашвання смецця, а пры рабоце ў рамках указа № 116 імкнуцца больш прадаваць, а не зносіць пустуючыя дамы ў вёсках – гэта паспрыяе развіццю населеных пунктаў, прывабіць дачнікаў і моладзь.

У верасні мяркуецца правесці Дзень Парэцкага сельсавета.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga