Іншых паслухаць, сябе паказаць, раён паглядзець

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Шостага верасня на Дзятлаўшчыне прайшла сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна.

Варта зазначыць, што падобныя мерапрыемствы ладзяцца ў нас кожны год, а таму ўжо займелі свае добрыя традыцыі. Як, напрыклад, азнаямленне з гісторыяй, вядомымі людзьмі, памятнымі мясцінамі дзятлаўскай зямлі.

І калі летась аглядавая экскурсія для маладых спецыялістаў была арганізавана толькі па райцэнтры, то сёлета работнікі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея распрацавалі больш працяглы маршрут і ўдадатак паказалі моладзі прывабныя і для турыстаў, і для аматараў гісторыі мясціны Дзятлаўшчыны – аграсядзібу “Каля дуба” і музей “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы. Каб паездка засталася ў памяці на многія гады, юнакам і дзяўчатам прапанавалі часцей фатаграфавацца, а лепшыя фотаздымкі дасылаць на раённы фота-конкурс аб Дзятлаўшчыне “Моладзевы сэлфі марафон”, прымеркаваны да 75-годдзя Гродзенскай вобласці. Старт яму быў дадзены ў час мерапрыемства, а вынікі конкурсу будуць падведзены ў час галасавання на сайце газеты “Перамога”.

Пасля экскурсіі па горадзе і раёне моладзь заклікалі на афіцыйную частку – сустрэчу з кіраўніцтвам раёна, што праходзіла ў фармаце адкрытага дыялога ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава.

Пагутарыць з маладымі людзьмі, даць парады, адказаць на пытанні, якія іх цікавяць прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік, яго намеснікі Ігар Кухарэвіч, Юрый Залеўскі, Андрэй Жыдко, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка, галоўны спецыяліст аддзела Аляксей Якаўчык.

Павітаў прысутных Аляксандр Дубовік:

– Наша мерапрыемства скіравана на аказанне дапамогі і падтрымкі маладым спецыялістам, якія прыехалі працаваць на Дзятлаўшчыну, на абмеркаванне праблемных пытанняў, якія могуць іх хваляваць. Сёлета маладымі кадрамі папоўніліся ўстановы сацыяльнай сферы, сельскагаспадарчыя, прамысловыя, будаўнічыя арганізацыі, праваахоўныя органы, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, прадпрыемствы гандлю, лясной гаспадаркі, газазабеспячэння – усяго ў наш раён прыбылі 88 чалавек.

Статус маладога спецыяліста да многага заклікае: быць адказнымі за давераны ўчастак, змагацца з цяжкасцямі, ісці толькі наперад, працаваць і прыносіць карысць людзям. Жадаю, каб ваша першае працоўнае месца стала надзейнай прыступкай у прафесійным росце, спадзяюся, што для многіх Дзятлаўшчына стане тым куточкам, дзе захочацца застацца.

Каб маладыя працаўнікі замацоўваліся на першым месцы работы, дзяржава прадугледзела розныя віды дапамогі. Як іх можна атрымаць, расказалі спецыялісты. Дырэктар ЦБП № 407 філіяла 413 ААТ “ААБ Беларусбанк” Сяргей Русак засяродзіў увагу прысутных на магчымасцях ільготнага крэдытавання. З пытаннямі жыллёвай палітыкі ў нашым раёне моладзь пазнаёміў галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Сяргей Гародка. Інфармацыяй, як можна культурна бавіць вольны час і развіваць творчыя здольнасці, падзялілася намеснік дырэктара Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Шаўчук. Пасябраваць са спортам і фізічнай культурай моладзь заклікаў галоўны спецыяліст аддзела па спорце райвыканкама Дзмітрый Ёда. Аб удзеле актывістаў раёна ў справах Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі расказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, пажадала быць такімі ж ініцыятыўнымі і паказала відэаролік аб ранейшых дасягненнях і яркіх момантах з жыцця моладзевай арганізацыі раёна.

Не засталіся ў баку ад падзей і самі маладыя работнікі. Аб пачатку кар’еры на Дзятлаўшчыне і любові да прафесіі педагога расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Раклевіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Марына Нячай. Доктар оталарынголаг Дзятлаўскай ЦРБ Наталля Павачка пахваліла свой калектыў, паразважала аб прафесійным станаўленні і плюсах удзелу ў прафсаюзным жыцці медустановы. Яна запрасіла да мікрафона лідара прафсаюзнай пярвічкі цэнтральнай раёнай бальніцы Валерыя Макарчыка, які ўпэўнены, што з прафесійным саюзам жыццё работнікаў праходзіць цікавей і разнастайней, а таму не варта губляць час – трэба далучацца да актывістаў арганізацыі.

Яркую музычную паштоўку-віншаванне для ўдзельнікаў урачыстасці падрыхтавалі работнікі культуры раёна.

Ірына СТЫРНІК