Камп’ютарная графіка, арт-блогінг, выяўленчае мастацтва

Важнае Грамадства

Час дыктуе патрабаванні, якім парой цяжка адпавядаць, і перад Дзятлаўскім раённым цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі стаіць задача – арганізаваць дзейнасць запатрабаваных аб’яднанняў па інтарэсах.

Перспектыўныя і актуальныя напрамкі ахопліваюць аб’яднанні па інтарэсах педагога дадатковай адукацыі Роберта Асіпука – гурткі выяўленчага мастацтва, камп’ютарнай графікі, арт-блогінга. Гэта 7 аб’яднанняў: 3 групы “Камп’ютарнай графікі”, дзе займаюцца 27 навучэнцаў; група “Перспектыва” – 15 навучэнцаў; групы “Арт-блогер” – 29 навучэнцаў. Усяго 71 школьнік, 46 % сярод якіх – вучні 9-10 класаў.

Роберт Дзмітрыевіч раней сам быў навучэнцам цэнтра дадатковай адукацыі, пасля набыцця мастацкай спецыяльнасці вярнуўся на малую радзіму маладым спецыялістам, атрымаў арэнднае жыллё, замацаваўся і паспяхова працуе ў цэнтры ўжо 3-і год. За гэты час, дзякуючы зацікаўленасці і прафесіяналізму педагога, яго вучнямі было заваявана больш за 20 месцаў у творчых конкурсах абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўню. Сярод дасягненняў – дыпломы ІІ ступені Данілы Матчанава за ўдзел у абласным этапе XXVI рэспубліканскага конкурсу “Калядная зорка”, Соф’і Жадзейка і Данілы Матчанава – за абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Пад небам сінім” да 140-годдзя нараджэння паэтаў Беларусі Я. Купалы і Я. Коласа, Надзеі Губко – за абласны конкурс дзіцячага малюнка “Скрозь гады звініць Перамога”, Арыны Грыб – за ІІ Міжнародны фестываль “Вёска Fest-2021”. Таксама Арына стала ўладальніцай дыпломаў І ступені Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Новыя вяршыні-2021” і ІІІ супені абласнога этапу VІ рэспубліканскага агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!”. Дыпламанткай І ступені ў абласным конкурсе плакатаў-матыватараў “Гістарычная памяць у сэрцы народа” стала Таццяна Дзедава.

Гэтыя поспехі і якасць работ паслужылі асновай для стварэння на базе гуртка “Перспектыва” студыі выяўленчай творчасці навучэнцаў, а таксама дазваляюць у 2024 годзе прэтэндаваць на прысваенне гэтаму аматарскаму калектыву мастацкай творчасці звання “Узорны”. Ёсць і станоўчы прыклад прафарыентацыйнай работы ў гэтым гуртку: выпускніца 2021 года Надзея Губко стала навучэнкай Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў па спецыяльнасці “дызайнер-выканаўца, настаўнік”, яшчэ трое гурткоўцаў-старшакласнікаў таксама плануюць паступіць у каледж на гэту спецыяльнасць. Навучэнцы гуртка “Перспектыва” Даніла Матчанаў і Соф’я Жадзейка ў кастрычніку 2022 года сталі намінантамі рэспубліканскай урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Пад небам сінім” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У мінулагоднім лістападзе Соф’я атрымала яшчэ і персанальнае запрашэнне ўдзельніка ў рамках рэспубліканскага адукацыйна-прафарыентацыйнага праекта “Мы – для дзяцей!”, арганізаванага Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі сумесна з гімназіяй-каледжам мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка.

Прафарыентацыі навучэнцаў спрыяе і гурток камп’ютарнай графікі, дзе з зацікаўленасці Роберта Асіпука актыўна развіваецца новы, даволі рэдкі кірунак – стварэнне аўтарскіх анімацыйных стужак. У гэтым плане Дзятлаўшчына ўжо канкурыруе з вялікімі гарадамі, нават Гроднам і Мінскам.

Яшчэ адзін новы напрамак работы – гурток арт-блогінгу, які вучыць спецыфічнаму фармату камунікацыі ў сферы мастацтва праз інтэрнэт-прастору. Гэты кірунак актыўна развіваецца, цяпер ідзе работа над дзіцяча-дарослым праектам віртуальнай арт-прасторы цэнтра дадатковай адукацыі, да якой плануецца далучыць не толькі дзяцей, педагогаў, бацькоў, але і прафесійных рамеснікаў, самадзейных майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Актуальнасць стварэння падобнага віртуальнага арт-асяроддзя абумоўлена як умовамі сельскага рэгіёна, калі большасць аб’яднанняў па інтарэсах установы працуюць у сельскай мясцовасці, некаторыя – на значнай аддаленасці ад райцэнтра, а таксама патрэбай ў калегіяльных творчых стасунках паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу.

Віртуальную тэрыторыю арт-прасторы складзе афіцыйны You Tube-канал установы, супольнасць у дадатку-месенджары Viber і старонкі аб’яднанняў па інтарэсах “Перспектыва” і “Арт-блогер” у Instagram, што дазволіць арганізаваць такія запатрабаваныя ва ўдзельнікаў формы ўзаемадзеяння як “Анлайн-вітрына” – рэкламная пляцоўка, дзе размесціцца актуальная інфармацыя аб найбольш цікавых мерапрыемствах, фестывалях, конкурсах, праектах мастацкай напраўленасці ад раённага да міжнароднага ўзроўняў, водгукі іх удзельнікаў, азнаямленне з новымі відамі творчасці, навінкамі-матэрыяламі і аксесуарамі для рукадзелля, арт-дызайну, іншае па сродках віртуальнага каталога “Трэнды творчасці”. Для жадаючых вучыцца розным відам рукадзелля, выяўленчага мастацтва, арыгінальным, актуальным і перспектыўным відам рамёстваў будзе арганізавана “Віртуальная майстэрня”, якая таксама акжа садзейнічанне ўдзельнікам конкурсаў мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной скіраванасці ў пошуку нестандартных творчых ідэй для конкурснай работы ці праекта. Пляцоўкай для віртуальных выставаў пераможцаў і прызёраў абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной скіраванасці, экспазіцый аўтарскіх анімацыйных стужак навучэнцаў стане “Віртуальная выставачная зала”.

Пакуль жа цэнтр дадатковай адукацыі запрашае ўсіх жадаючых на дні адчыненых дзвярэй, якія пройдуць на вясенніх канікулах, у рамках іх адбудзецца творчая прэзентацыя работы гурткоў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga