Познія прагулкі – толькі з дарослымі

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны адміністрацыйныя пратаколы і пытанне аб магчымасці вяртання маці дзіцяці, прызнанага маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Праводзіла сябра – спазнілася

За акном вясна, дзень прыбывае, абвастраецца праблема позняга знаходжання непаўналетніх ва ўзросце да 16 гадоў на двары без суправаджэння дарослых. Як правіла, дзеці гэтай узроставай катэгорыі выдатна ведаюць, што гуляць адным на вуліцы з адзінаццаці гадзін вечара да шасці гадзін раніцы ім забаронена. На класных гадзінах і бацькоўскіх сходах педагогі не стамляюцца нагадваць, што парушэнне “каменданцкага часу” “цягне” на адміністрацыйны пратакол. Тым не менш, парушальнікі ўсё роўна знаходзяцца.

Актывістка, прыгажуня, добрай душы чалавек – так можна ахарактарызаваць навучэнку адной са школ райцэнтра. Аднак дзяўчына “зарабіла” для сваіх бацькоў па адміністрацыйным пратаколе, падвяла педагогаў. Пасля 23 гадзін на адной з вуліц Дзятлава яе затрымала міліцыя. У той злашчасны вечар непаўналетняя праводзіла сябра на аўтобус, транспарт спазніўся, таму прыпазнілася і яна. За кошт станоўчых характарыстык дачкі яе бацькоў на першы раз папярэдзілі, але пры падобным паўторным парушэнні дзяўчыны на працягу года іх чакае штраф.

Адсвяткавалі па-даросламу

На навучэнца 9 класа школы райцэнтра былі складзены два адміністрацыйныя пратаколы. Сімвалічна, што здарылася гэта ў Дзень абаронцаў Айчыны. Хлопец разам з кампаніяй аднагодкаў распіваў піва на адной з вуліц горада, калі вяртаўся дахаты, яго затрымала міліцыя. Абодва парушэнні (распіццё і знаходжанне ў нецвярозым стане) былі ўчынены ў грамадскіх месцах, якімі з’яўляюцца вуліцы горада. За сумленнае прызнанне віны непаўналетнім, яго абяцанне больш не сябраваць з алкаголем хлопца на першы раз папярэдзілі. Аднак юны парушальнік будзе знаходзіцца на прафілактычным уліку ў доктара-нарколага, з ім будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Небяспечны тандэм

На адрас камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама паступіла адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на двух юных жыхароў раёна за хуліганства. Хлопец і дзяўчына, гуляючы з кампаніяй сяброў, вырашылі паказаць сваю заліхвацкую сілу. Аб’ектам для яе апрабоўвання сталі чатыры пліты бетоннай агароджы на вуліцы аднаго з аграгарадкоў раёна. Прычым, біць па іх нагамі пачала менавіта дзяўчына, праз некаторы час падтрымаць сяброўку прыйшоў хлопец. Нягледзячы на папярэджанні іншых удзельнікаў кампаніі, яны стараліся да таго часу, пакуль ад пралётаў агароджы не засталася гара кавалкаў. Нанесены супрацьпраўнымі дзеяннямі падлеткаў урон пакуль не пагашаны. Гэта “ляжа” на плечы законных прадстаўнікоў юных хуліганаў, а з імі самімі будуць праводзіць індывідуальную прафілактычную работу.

Не захоча сам, давядзецца пад прымусам

Адзін з прафесійна-тэхнічных ліцэйяў вобласці звярнуўся па садзейнічанне ў камісію па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама. Насцярожанасць у педагогаў установы выклікалі паводзіны юнага жыхара нашага раёна, які не наведвае вучэбныя заняткі. Хлопец знаходзіць любыя прычыны для прагулаў, хлусіць бацькам, што едзе на вучобу, хаця мае зусім іншы намер. Дома нядаўна таксама ўзнік скандал: дарослыя вырашылі абмежаваць доступ сына ў інтэрнэт, ён у якасці пратэсту збег з дому: позна вечарам хлопца давялося шукаць разам з міліцыяй.

На пасяджэнні камісіі падлетка папярэдзілі, што ёсць падставы для накіравання яго на вучобу ва ўстанову закрытага тыпу. Калі хлопец не возьмецца за розум, яму давядзецца вучыцца пад прымусам.

Маленькая дачка вернецца дахаты

У верасні 2018 года была прызнана маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне дзяўчынка, 2017 года нараджэння. Яе маці, якая раней ужо была пазбаўлена бацькоўскіх правоў на двух старэйшых дзяцей, зноў стала на крывую дарожку: злоўжывала спіртнымі напоямі, належным чынам не выконвала абавязкі па доглядзе дачкі, чым ставіла яе жыццё пад пагрозу.

Рашэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама аб адабранні прымусіла жанчыну хутка ўзяцца за розум. Стаўшы абавязанай асобай, яна паспяшалася прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці, працавала, характарызавалася станоўча. Пры разглядзе пытання аб магчымасці вяртання дзяўчынкі маці члены камісіі прынялі станоўчае рашэнне. Дачка вернецца ў сям’ю, аднак кантроль за паводзінамі жанчыны па-ранейшаму застанецца ўзмоцненым.

 

Аляксандр ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі