На прыступках п’едэсталаў – лёкаатлеткі Дзятлаўшчыны

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

Нарыканцы лютага ў Слоніме праходзілі спаборніцтвы зімовага першынства Гродзенскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2005-2006 гадоў нараджэння і малодшых.

Каманда Дзятлаўскай ДЮСШ выступала ў трэцяй групе раёнаў. У склад каманды ўвайшлі 6 дзяўчат, якія на працягу двух дзён спрабавалі паказаць свае лепшыя вынікі.

Варвара Кончык пацвердзіла свой статус фаварыта ў спартыўнай хадзе і атрымала адразу дзве перамогі на дыстанцыях 2000 і 3000 метраў.

Ксенія Кароль і Вераніка Сідорчык таксама трапілі ў тройку лідараў. Ксенія заняла другое месца ў скачках у даўжыню і трэцяе месца ў бегу на дыстанцыю 60 метраў. Вераніка Сідорчык стала трэцяй на дыстанцыі 60 метраў з бар’ерамі.

Крыху не хапіла запалу іншым дзятлаўчанкам. Паліна Карэнка, Аляксандра Жук, Дар’я Герасімчык,  на жаль, не змаглі заваяваць прызавых месцаў, але годна прадставілі зборную каманду Дзятлаўшчыны на спаборніцтвах.

У агульным заліку каманда Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы заняла другое месца, набраўшы 170 ачкоў.

Аляксандр ПАЛУНОСІК,
трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы